Пошук

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі цыганскай супольнасці Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі цыганскай супольнасці 

Францішак сустрэўся са славацкай цыганскай супольнасцю

Ніхто ў Касцёле не павінен адчуваць сябе не на сваім месцы і адстаўленым у бок, - падкрэсліў Папа падчас сустрэчы са славацкай цыганскай супольнасцю, якая адбылася 14 верасня 2021 г. у горадзе Кошыцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец заўважыў, што Бог прагне, каб усе былі рознымі, але з’яднанымі вакол Яго. “Пан бачыць нас разам” і “бачыць дзецьмі”, - дадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што калі прыняць гэты позірк, можна навучыцца глядзець на іншых людзей як на братоў.

Францішак адзначыў важнасць пераадолення забабонаў і асуджэння ў адносінах да прадстаўнікоў меншасцей, а таксама падкрэсліў неабходнасць у прызнанні таго, што кожны чалавек носіць у сабе “прыгажосць Божага дзіцяці, у якой адлюстроўваецца Стварыцель”.

Папа падкрэсліў, што бязлітасныя суджэнні, стэрэатыпы, якія дыскрымінуюць, абразлівыя словы і жэсты ў адносінах да прадстаўнікоў цыганскай супольнасці, робяць усіх “бяднейшым чалавечнасцю”. “Тое, што неабходна, гэта вярнуць годнасць і перайсці ад забабонаў да дыялогу, ад закрытасці да інтэграцыі”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец заахвоціў да душпастырскай дзейнасці, накіраванай на спрыянне пераадоленню прадузятых адносін да цыган, бо “суджэнні і забабоны павялічваюць адлегласць”, “спрэчкі і грубыя словы не дапамагаюць”, а “стварэнне гета для людзей не вырашае нічога”.

Францішак звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць інтэграцыі цыганскіх дзяцей у жыццё грамадства. Яны павінны расці, будучы добра ўкаранёнымі ў сваім паходжанні, а ў той жа час, не пазбаўляцца ніякіх магчымасцей, - пажадаў Святы Айцец.

Папа падзякаваў людзям, якія працуюць у сферы інтэграцыі цыганскай меншасці, у тым ліку святарам, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам. “Дзякую за ўсю працу, якая здзяйсняецца на карысць тых, хто знаходзіцца на ўскраіне. Я думаю таксама пра бежанцаў і вязняў. Да іх, асаблівым чынам, і да ўсіх, хто звязаны з турэмнай сферай, выказваю маю блізкасць”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што Хрыстус прысутны “там, дзе ёсць кволасць, а не камфорт; дзе ёсць служэнне, а не ўлада; дзе ёсць магчымасць уцелавіцца, а атрымліваць задавальненні”.
 

14 верасня 2021, 16:35