Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў Будапешце Папа падчас св. Імшы ў Будапешце  (Vatican Media)

Францішак: Эўхарыстыя нагадвае, кім ёсць Бог

“А вы кім лічыце Мяне?” – гэта пытанне Езуса скіравана да кожнага з нас, - падкрэсліў Папа падчас св. Імшы на завяршэнне 52-га Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэсу, 12 верасня 2021 г. у Будапешце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец падкрэсліў, што на гэта пытанне трэба адказаць жыццём, што дазволіць абнавіцца як вучням. Гэта абнаўленне павінна закрануць абвяшчэнне Езуса, распазнанне разам з Езусам і пілігрымаванне за Езусам.

У абвяшчэнні Езуса недастаткова прызнаваць Хрыста Месіяй. Трэба сведчыць, што шлях да ўваскрасення праходзіць праз “прыніжэнне крыжа”, што мы наследуем не магутнага Месію, а ўкрыжаванага слугу. “Эўхарыстыя нагадвае нам пра тое, кім з’яўляецца Бог”, паказваючы Яго як “паламаны Хлеб, як укрыжаваную і падараваную любоў”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак заклікаў адкрыцца на логіку Езуса і “ачысціць нашу рэлігійнасць”, не адкладаючы крыж у далёкі кут нашага сэрца. “Нам будзе карысна пабыць на адарацыі перад Эўхарыстыяй, каб сузіраць слабасць Бога. Прысвецім час адарацыі. Дазволім Езусу, жывому Хлебу, аздаравіць нас ад закрытасці і адкрыць на дзяленне; ацаліць нас ад закамянеласці і засяроджанасці на саміх сябе; вызваліць нас ад няволі абароны нашага вобразу, якая паралізуе, натхніць нас ісці за Ім туды, куды Ён хоча прывесці нас”, - дадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што ісці за Езусам, значыць крочыць па жыцці з Яго ўпэўненасцю ў тым, што з’яўляемся ўмілаванымі дзецьмі Бога. “Гэта значыць крочыць шляхам Настаўніка, які прыйшоў, каб служыць, а не каб Яму служылі. Гэта значыць кожны дзень выходзіць насустрач брату. Эўхарыстыя падштурхоўвае нас да гэтага: да адчування сябе адзіным Целам, да дзялення сабой з іншым”, - сказаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, дазволім сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі перамяніць нас, як перамяніў вялікіх і адважных святых, якіх вы ўшаноўваеце. Я думаю пра св. Стэфана і св. Альжбету. Як яны, не будзем задавальняцца малым; не будзем задавальняцца верай, якая жыве абрадамі і паўтарэннямі, адкрыемся на абуральную навізну ўкрыжаванага і ўваскрослага Бога, паламанага Хлеба, каб даць жыццё свету. Будзем радаснымі і будзем несці радасць”, - заклікаў Пантыфік.

12 верасня 2021, 12:10