Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: радасць – найвышэйшы выраз жыцця з Богам

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Кангрэса кансэкраванага жыцця краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Форум праходзіць з 13 па 15 жніўня 2021 г. у анлайн-фармаце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа нагадаў удзельнікам кангрэса пра важнасць інкультурацыі веры. “Як шмат дабра можа прынесці адкрыццё таго, што адзінства – гэта не ўніфікацыя, а гармонія разнастайнасці, і не будзем забываць, што гармонію стварае Святы Дух”, - сказаў ён, падкрэсліваючы важнасць прыняцця адметнасцей і адкрыцця патэнцыялу асаблівасцей у духу здаровага і адкрытага міжкультурнага адзінства

Францішак адзначыў ролю манаскіх асобаў у развіцці “інкультураванай тэалогіі, якая адаптавана да мясцовай рэчаіснасці і з'яўляецца рухавіком евангелізацыі”. “Не будзем забываць, што вера без інкультурацыі – несапраўдная”, - сцвердзіў ён, заклікаючы законнікаў і законніц з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый народаў, “намагаючыся ажыццявіць місію інкультурацыі веры і евангелізацыі культуры”. “Інкультурацыя веры і евангелізацыя культуры – гэта біном. Раскрыццё патэнцыялу таго, што Святы Дух пасеяў у народах, гэта таксама дар для нас”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец папярэдзіў, што хрысціянскае і кансэкраванае жыццё без інкультурацыі ператвараецца ў самыя недарэчныя формы гнастыцызму. “Мы бачылі гэта, напрыклад у кепскім выкарыстанні літургіі, калі ў цэнтр ставіцца ідэалогія, а не рэальнасць людзей. Гэта не адпавядае Евангеллю. Не будзем забываць пра спалучэнне інкультурацыі веры і евангелізацыі культуры”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў манаскія супольнасці змагацца са спакусай існавання дзеля “выжывання”, якая выяўляецца ў празмернай засяроджанасці на дынаміцы пакліканняў. “Добра адмовіцца ад крытэрыю колькасці і эфектыўнасці, якія могуць ператварыць вас у запалоханых вучняў, закрытых у мінулым і адданых настальгіі. Гэта настальгія па сутнасці з’яўляецца “спевам сірэнаў” для манаскага жыцця”, - папярэдзіў Пантыфік.

Паводле Папы, больш мудрай стратэгіяй будзе прыняцце магчымасцей для таго, каб крочыць з Панам па шляхах надзеі, давяраючы кіраўніцтву Святога Духа. Акрамя таго Францішак нагадаў, што “радасць – самы высокі выраз жыцця ў Хрысце – гэта лепшае сведчанне, якое можам даць святому вернаму Божаму люду, якому пакліканы служыць і спадарожнічаць у яго пілігрымаванні да сустрэчы з Айцом”.

“Радасць, радасць у розных формах. Супакой, радасць, пачуццё гумару. Калі ласка, маліцеся аб гэтай ласцы. У адгартацыю аб святасці я спецыяльна пажадаў уключыць радзел аб пачуцці гумару. Сумна бачыць кансэкраваных асобаў, якія не маюць пачуцця гумару, якія ўсё ўспрымаюць сур’ёзна. Прабываць з Езусам значыць быць радаснымі, а таксама быць здольнымі да такога пачуцця гумару, якое адорвае святасцю. Перачытайце гэты раздзел маёй адгартацыі пра святасць”, - заахвоціў Пантыфік.
 

13 жніўня 2021, 16:13