Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: для хрысціяніна любая форма эксплуатацыі – гэта грэх

Адказам на выкарыстанне рабскай сілы павінна стаць адмаўленне ад карыстання выгодамі, якія яно дае, і выкрыццё “смяротных механізмаў” эксплуатацыі, - перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 жніўня 2021 г. на старонках выдання La Stampa быў апублікаваны адказ Францішка на адкрыты ліст італьянскага пісьменніка Маўрыцыа Маджані, які, даведаўшыся, што яго кнігі выпускаліся з выкарыстаннем рабскай працы мігрантаў, вырашыў публічна падзяліцца са Святым Айцом інфармацыяй аб ганебных злоўжываннях, прысутных у выдавецкім бізнесе.

Францішак заўважыў, што пытанне тычыцца чалавечай годнасці, якая становіцца растаптанай праз “рабскую працу” пры маўклівым саўдзеле многіх. “Мы ўбачылі гэта падчас лакдаўна, калі многія з нас зразумелі, што за прадуктамі харчавання, якія пастаянна трапляюць на нашы сталы, стаяць сотні тысяч рабочых без правоў”, - напісаў Папа.

Паводле Святога Айца, яшчэ больш абуральна, калі эксплуатацыя людзей знаходзіць месца ў сферы літаратуры, якая з’яўляецца “хлебам для душы” і спосабам “самавыражэння, які ўзвышае дух чалавека”. Незаконнасць раніць гэту сферу “прагнасцю эксплуатацыі, што дзейнічае ў ценю, сціраючы абліччы і імёны”. Такім чынам, калі штосьці выдаецца, грунтуючыся на несправядлівасці, яно становіцца несправядлівым само па сабе, а для “хрысціяніна любая форма эксплуатацыі – гэта грэх”, - нагадаў Пантыфік.

Францішак лічыць, што перад абліччам такой сітуацыі не варта апускаць рукі. “Адмаўляцца ад прыгажосці” ў дадзеным выпадку было б несправядліва, было б “занядбаннем дабра”. Першае, што трэба рабіць – гэта выкрываць “смяротныя механізмы” і “структуры граху”. Трэба пісаць “таксама нязручныя рэчы, каб абуджаць ад абыякавасці, стымуляваць сумленні”, каб былі чулымі і не паддаваліся прынцыпу “гэта мяне не цікавіць, гэта не мая справа, што я магу зрабіць, калі свет функцыянуе такім чынам?”.

Іншым адказам на феномен выкарыстання рабскай сілы павінна стаць “адмаўленне”, але не ад літаратуры і культуры, а ад звычак, выгодаў і “скажоных механізмаў эксплуатацыі, якія раняць годнасць нашых братоў і сясцёр”. Моцным знакам з’яўляецца “адрачэнне ад пазіцый і зручнасці дзеля таго, каб даць месца тым, хто месца не мае”. Гаворка ідзе пра тое, каб “казаць “не” дзеля больш вялікага “так”, карыстацца “правам на адмаўленне па матывах сумлення, каб падтрымліваць чалавечую годнасць”, - лічыць Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што вельмі любіць Дастаеўскага “не толькі за яго глыбокае разуменне чалавечай душы і рэлігійнасць, але за тое, што ён сыходзіў да аповеду пра жыццё бедных, прыніжаных і абражаных людзей”. У сувязі з гэтым Папа пажадаў, каб у сітуацыі, дзе пануюць “грошы і інтарэсы”, літаратура не дазволіла рынку заняволіць сябе.
 

12 жніўня 2021, 11:30