Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік заклікаў да тэрміновых экалагічных дзеянняў

Святы Айцец лічыць, што экалагічны крызіс, які зараз перажывае планета, можа стаць магчымасцю для салідарных дзеянняў на карысць стварэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння і ініцыятывы Час стварэння, рэалізаванай штогод у першы месяц восені, Францішак падзякаваў Руху Laudato si' за яго “адданасць агульнаму для чалавецтва дому”.

“Плач зямлі і крык бедных становяцца ўсё больш сур'ёзнымі і трывожнымі і патрабуюць рашучых і тэрміновых дзеянняў, каб ператварыць гэты крызіс у магчымасць”, - адзначыў Папа 29 жніўня 2021 г., сустракаючыся з вернікамі на малітве Анёл Панскі.

Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння адзначаецца хрысціянамі ўсяго свету 1 верасня. З гэтага дня і да 4 кастрычніка, калі Касцёл успамінае св. Францішка Асізскага, трывае экуменічная ініцыятыва Час стварэння – перыяд абнаўлення веры ў Бога Стварыцеля і яднання ў малітве і ўчынках, накіраваных на ахову Зямлі.

Мэта Руху Laudato si', заснаванага ў 2015 г. пад натхненнем аднайменнай папскай энцыклікі, – спрыяць большаму клопату пра супольны дом і кліматычна-экалагічную справядлівасць.
 

30 жніўня 2021, 11:44