Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік асудзіў забойства законніц у Паўднёвым Судане

Францішак назваў забойства дзвюх законніц у Паўднёвым Судане “бессэнсоўным актам насілля”. Ён быў “вельмі засмучаны” навіной аб “жорсткім нападзе на групу сясцёр з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У тэлеграме, апублікаванай Залай Друку 17 жніўня 2021 г., праз свайго Дзяржаўнага сакратара, кардынала П’етра Параліна, Папа выказаў спачуванне ў сувязі з смерцю сясцёр Мэры Абуд і Рэджайны Робы.

"Спадзеючыся, што іх ахвяра паспрыяе справе міру, згоды і бяспекі ў рэгіёне, Яго Святасць моліцца за іх вечны спакой і суцяшэнне тых, каго засмуціла гэта страта", - гаворыцца ў тэксце. Для прысутных на хрысціянскім пахаванні абедзвюх законніц, Святы Айцец просіць суцяшэння і сілы ўваскрослага Пана, Які перамог над грахом і смерцю.

Дзве манахіні з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса: сёстры Рэджайна Роба і былая генеральная настаяцельніца Мэры Абуд загінулі 16 жніўня 2021 г. у выніку нападу на групу пілігрымаў, якія вярталіся ў сталіцу Паўднёвага Судана Джубу са святкавання 100-годдзя каталіцкай місіі ў краіне. Усяго загінулі пяць чалавек. Архідыяцэзія Джуба пацвердзіла, што на момант узброенага рабавання транспартнага сродку ў ім было дзевяць законніц.

Менш чым праз два гады пасля таго, як Паўднёвы Судан атрымаў незалежнасць 9 ліпеня 2011 г., там пачалася грамадзянская вайна паміж Прэзідэнтам Сальва Кіірам Маярдытам і яго супернікам Рыекам Мачарам. У 2015 г. канфлікт, у якім загінулі каля 400 тыс. чалавек, афіцыйна скончыўся, але сутычкі паміж супрацьлеглымі этнічнымі групамі працягваюцца. На думку экспертаў, сур'ёзнай праблемай у краіне з'яўляюцца мільёны адзінак незарэгістраванай агнястрэльнай зброі.
 

18 жніўня 2021, 11:14