Пошук

Vatican News

Інтэнцыя Францішка: аднаўленне Касцёла ў святле Евангелля

Пакліканне і тоеснасць Касцёла – гэта евангелізацыя, якая, аднак, не з’яўляецца празелітызмам, - нагадаў Папа ў відэароліку Сусветнай сеткі малітвы, абвяшчаючы малітоўную інтэнцыю на жнівень 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Мы зможам аднавіць Касцёл толькі дзякуючы распазнанню Божай волі ў нашым штодзённым жыцці і даючы пачатак пераменам пад кіраўніцтвам Святога Духа. Рэформа нас саміх, як асобаў – гэта і ёсць перамена. Няхай Святы Дух, які з’яўляецца Божым дарам у нашых сэрцах, нагадвае нам тое, чаму вучыў Езус, і дапамагае нам спаўняць гэта на практыцы”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў распачаць “рэформу Касцёла з рэформы саміх сябе”, без загадзя распрацаваных ідэй, без ідэалагічных забабонаў, без закамянеласці, але ідучы наперад, абапіраючыся “на духоўных досвед, досвед дару, досвед міласэрнай любові, досвед служэння”.

Папа прызнаўся, што марыць пра больш місійны Касцёл, які будзе выходзіць насустрач людзям без празелітызму, і які ператворыць усе свае структуры дзеля евангелізацыі сучаснага свету.

“Будзем памятаць, што Касцёл заўсёды мае цяжкасці, заўсёды перажывае крызісы, таму што жывы, а тое, што жывое перажывае крызісы. Толькі памерлыя не маюць крызісаў”, - дадаў Францішак.

“Будзем маліцца за Касцёл, каб ён атрымаў ад Духа Святога ласку і сілу для аднаўлення ў святле Евангелля”, - агучыў малітоўную інтэнцыю на жнівень Святы Айцец.
 

03 жніўня 2021, 16:00