Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Апублікавана праграма візіту Пантыфіка ў Венгрыю і Славакію

21 ліпеня 2021 г. Зала Друку апублікавала афіцыйную праграму падарожжа Францішка ў Венгрыю і Славакію. Апостальскі візіт пройдзе 12-15 верасня 2021 г. і стане, пасля іракскага, другім у гэтым годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

12 верасня, раніцай, самалёт са Святым Айцом на борце вылеціць з Рыма ў напрамку Венгрыі і праз дзве гадзіны прызямліцца ў міжнародным аэрапорце Будапешта. Там адбудзецца ўрачыстая цырымонія прывітання. У той жа дзень Францішка будуць чакаць сустрэчы з Прэзідэнтам і Прэм’ерам, а затым – з мясцовым епіскапатам і, асобна, з прадстаўнікамі Экуменічнай рады і яўрэйскіх суполак Венгрыі. Пасля заключнай Імшы Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса, якая пройдзе на Плошчы Герояў у Будапешце, каля 15.00 Папа вылеціць у Браціславу.

Пасля гадзіннага пералёту, у аэрапорце сталіцы Славакіі пройдзе ўрачыстая цырымонія прывітання Пантыфіка. 12 верасня, вечарам, яго будуць чакаць яшчэ дзве сустрэчы, афіцыйная – з прадстаўнікамі хрысціянскіх супольнасцей, і прыватная – з славацкімі езуітамі.

Наступны дзень, 13 верасня, пачнецца з афіцыйнай цырымоніі ў Прэзідэнцкім палацы. Тут Францішак сустрэнецца з лідарам дзяржавы, а потым – з палітычным істэблішментам і дыпкорпусам. Каля 11.00 у браціслаўскай катэдры Папу будуць чакаць біскупы і духавенства. Адтуль ён адправіцца з прыватным візітам у дабрачынны Цэнтр Бэтлеем, а затым на сталічную Плошчу Рыбнэ – дзе яго будзе чакаць яўрэйская супольнасць горада. Дзень завершыцца палітычнай павесткай – Францішак правядзе сустрэчы з спікерам парламента і кіраўніком урада.

14 верасня Пантыфік адправіцца па маршруце Браціслава-Кошыцэ-Прэшаў-Кошыцэ-Браціслава. У Прэшаве ён узначаліць візантыйскую літургію св. Яна Хрызастома. У Кошыцэ адбудзецца сустрэча з мясцовай цыганскай супольнасцю, а затым – на стыдыёне Лакаматыў – з маладымі славакамі. Вечарам Францішак вернецца ў Браціславу.

Апошні дзень візіту, 15 верасня, пачнецца супольнай з мясцовым епіскапатам малітвай у славацкім нацыянальным санктуарыі ў Шашціне. Там жа Пантыфік будзе цэлебраваць Эўхарыстыю, адразу пасля якой накіруецца ў аэрапорт Браціславы, адкуль, пасля кароткай развітальнай цырымоніі, адправіцца ў Рым. Ужо ў 15.30 яго будуць чакаць у аэрапорце Чампіна.
 

21 ліпеня 2021, 13:06