Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: L’Osservatore Romano – “партыйная газета”, чытаю яе штодзённа

Святы Айцец прызнаўся, што чытае ватыканскую газету L’Osservatore Romano кожны дзень, а таксама падкрэсліў, што яна дапамагае падтрымліваць сувязь з Касцёлам, яго вучэннем і гісторыяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму рэжысёру Франчэска Дзіпелю, які здымае дакументальны фільм, прысвечаны 160-годдзю афіцыйнага друкаванага органу Апостальскай Сталіцы, Папа распавёў, што з’яўляецца даўнім чытачом L’Osservatore Romano.

“Я ведаю, што гэта гучыць крыху неадназначна, але мне падабаецца называць L’Osservatore Romano “партыйнай газетай”. Я чытаю яе штодзённа, а па нядзелях, калі яна не выходзіць, я адчуваю, што мне не хапае чагосьці. Таксама ў Аргентыне я пастаянна і цалкам прачытваў штотыднёвае выданне на іспанскай мове: гэта сувязь з Апостальскай Сталіцай, з вучэннем і жыццём Касцёла, з гісторыяй Касцёла”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што чытае газету ад вокладкі да вокладкі, па парадку, хіба што некаторыя матэрыялы яго цікавяць больш за ўсё.

Святы Айцец выказаў пажаданне, каб ватыканская газета была “фармацыйнай”, а таксама падзяліўся надзеяй на тое, што яна заўсёды будзе выклікаць цікавасць. “Якой будзе L’Osservatore Romano праз 200 гадоў? – Я не думаў пра гэта, не задаваўся такім пытаннем. Спадзяюся, што яна будзе актуальнай заўсёды”, - сказаў Пантыфік.

L’Osservatore Romano была заснавана 1 ліпеня 1861 г. па ініцыятыве некалькіх італьянскіх католікаў. З 1885 г. выданне стала ўласнасцю Апостальскай Сталіцы. Святкаванне яго юбілею адбудзецца на наступным тыдні. Урачыстасці былі адкладзены ў сувязі са смерцю маці галоўнага рэдактара газеты Андрэа Монда, якая адышла ў вечнасць некалькі дзён таму.

Францішак сустракаўся з калектывам L’Osservatore Romano 24 мая 2021 г. падчас візіту ў Палаца Піа – сядзібу ватыканскіх СМІ. Між іншым Пантыфік выказаў занепакоенасць эфектыўнасцю працы медыя Святога Пасаду. “Мяне хвалюе адна рэч – хоць ёсць шмат прычын хвалявацца за радыё, за Osservatore, – але гэта асабліва важнае для мяне: колькі людзей слухаюць радыё, колькі чытаюць L'Osservatore Romano?”, - прызнаваўся Папа.
 

02 ліпеня 2021, 11:15