Пошук

Vatican News
Падчас аўдыенцыі для Прэм'ер-міністра Ірака Падчас аўдыенцыі для Прэм'ер-міністра Ірака  (Vatican Media)

Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Ірака

Важнасць прасоўвання культуры нацыянальнага дыялогу, захавання прысутнасці хрысціян і забеспячэння ім роўных правоў з іншымі грамадзянамі – тэмы сустрэчы Папы са старшынёй іракскага ўраду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2 ліпеня 2021 г. Папа прыняў на аўдыенцыі Прэм’ер-міністра Ірака Мустафу Абдэля Латыфа Мушэта. Затым палітык сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі.

Падчас шчырых перамоў узгадваўся гістарычны візіт папы Францішка ў Ірак і моманты адзінства, перажытыя іракцамі, а таксама адзначалася важнасць прасоўвання культуры нацыянальнага дыялогу для спрыяння стабільнасці і працэсу адбудовы краіны.

У ходзе дыялогу падкрэслівалася важнасць захавання гістарычнай прысутнасці хрысціян у краіне праз належныя прававыя меры і значэнне ўкладу, які яны могуць зрабіць на карысць агульнага дабра. Звярталася ўвага на неабходнасць гарантавання ім роўных правоў і абавязкаў з іншымі грамадзянамі.

Нарэшце, бакі абмеркавалі рэгіянальную сітуацыю, канстатуючы намаганні, здзейсненыя краінай з дапамогай міжнароднай супольнасці для аднаўлення атмасферы даверу і мірнага суіснавання.
 

03 ліпеня 2021, 08:28