Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: навука – каштоўны рэсурс для будавання міру

У наш час як ніколі важна даць новы імпульс навуковым даследаванням для пераадолення выклікаў, якія стаяць перад сучасным грамадствам, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2 ліпеня 2021 г. Пантыфік скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў міжнароднай навуковай канферэнцыі на тэму “Навука для міру”, арганізаванай італьянскай дыяцэзіяй Тэрама і Універсітэтам Тэрама ў 100-годдзе кананізацыі св. Габрыэля ад Маці Божай Балеснай, апекуна моладзі. Яго санктуарый знаходзіцца ля падножжа гары Гран-Саса, дзе месцяцца таксама лабараторыі італьянскага Інстытута ядзернай фізікі.

Узаемадзеянне паміж навукоўцамі і Касцёлам, сведчыць пра тое, што “паміж верай і навукай не можа і не павінна быць супярэчнасці”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што навуковыя даследаванні павінны служыць усім, а таксама спрыяць супрацоўніцтву, абмену вынікамі і стварэнню сетак.

Папа заўважыў, што “навуковы прагрэс не можа лічыцца адзіным магчымым падыходам для разумення якога-кольвечы аспекту жыцця, грамадства і свету”. Пандэмія паказала неабходнасць у новых адносінах паміж навукай і грамадствам і пераасэнсаванні перспектыў прафілактыкі, лячэння і арганізацыі медыцынскай сферы, беручы пад увагу антрапалагічныя аспекты.

“Ніводныя навуковыя веды не павінны развівацца ў адзіночку і адчуваць сябе самадастатковымі”, а гістарычная рэальнасць патрабуе таго, “каб ёй служыла разнастайнасць ведаў, якія згодна са сваімі асаблівасцямі, спрыяюць узнікненню новай культуры, здольнай будаваць грамадства, дапамагаючы годнасці і развіццю кожнага чалавека”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў прадстаўнікоў свету навукі вучыць моладзь “не баяцца цяжкасцей, звязаных з пошукамі”, бо калі будуць “шукаюць сумленна, тады знойдуць праўду”. Ён таксама нагадаў, што навука – гэта каштоўны рэсурс для будавання міру.
 

02 ліпеня 2021, 11:55