Пошук

Рымская клініка Джэмэлі. Ілюстрацыйнае фота Рымская клініка Джэмэлі. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак – другі Пантыфік-пацыент рымскай клінікі Джэмэлі

Францішак – другі Папа, які лечыцца ў клініцы імя Агасціна Джэмэлі ў Рыме. Першым быў св. Ян Павел ІІ, які правёў у гэтым шпіталі 149 дзён, або каля пяці месяцаў свайго пантыфікату.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Св. Ян Павел ІІ першы раз трапіў у Джэмэлі 13 мая 1981 г. пасля замаху на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Затым ён вярнуўся ў клініку 20 чэрвеня гэтага самага году ў сувязі з заражэннем цытамегалавірусам, нагадвае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

У 1990 г. св. Ян Павел ІІ часта станавіўся пацыентам рымскай клінікі. У 1992 г. яму рабілі там аперацыю па выдаленні пухліны ў кішэчніку. У 1993 г. Папа праходзіў у Джэмэлі абследаванне і ў тым жа годзе вярнуўся туды з вывіхам пляча. У 1994 г. Пантыфік быў шпіталізаваны з пераломам сцегнавой косткі, а ў 1996 г. – для выдалення апендыкса. У 1997 г. Ян Павел ІІ праходзіў у рымскай клініцы абследаванне сэрца.

Апошні раз Папа Вайтыла трапіў у Джэмэлі ў 2005 г. у сувязі з абвастрэннем хваробы Паркінсона – тады яму была зроблена трахеатамія.

Універсітэцкая паліклініка імя Агасціна Джэмэлі (Policlinico Universitario Agostino Gemelli) у Рыме з’яўляецца клінічным шпіталём Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане. Яна носіць імя заснавальніка навучальнай установы – італьянскага францішканіна, лекара і псіхолага. Шпіталь дзейнічае з 1964 г. і з’яўляецца самым буйным у Італіі і адным з самых буйных недзяржаўных шпіталёў у Еўропе. У 2009 г. перад ім быў устаноўлены помнік св. Яну Паўлу ІІ.
 

06 ліпеня 2021, 12:58