Пошук

Vatican News
Папа Францішак дзякуе паліцэйскім, якія суправаджалі яго па дарозе да Ватыкану Папа Францішак дзякуе паліцэйскім, якія суправаджалі яго па дарозе да Ватыкану 

Францішка выпісалі з бальніцы

Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні пацвердзіў, што 14 ліпеня 2021 г. раніцай, каля 10.30, Святы Айцец быў выпісаны з Універсітэцкай клінікі імя Агасціна Джэмэлі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Перш чым вярнуцца ў Дом св. Марты ў Ватыкане, Францішак адправіўся ў базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе перад абразом Багародзіцы Salus Populi Romani падзякаваў за поспех аперацыі, адрасаваўшы ёй малітву за ўсіх хворых, асабліва тых, з кім сустракаўся ў дні шпіталізацыі”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Папа правёў у клініцы Джэмэлі дзесяць сутак. 4 ліпеня 2021 г. каля поўначы Святы Пасад распаўсюдзіў паведамленне, у якім гаварылася, што Францішку была зроблена планавая аперацыя, звязаная з дывертыкулярнай хваробай сігмападобнай абадковай кішкі. Хірургічнае ўмяшанне працягвалася каля трох гадзін і запатрабавала рэзекцыі левай часткі тоўстага кішэчніка.

З моманту свайго абрання на Апостальскі Пасад у сакавіку 2013 г. Папа, нягледзячы на салідны ўзрост, рэдка звяртаўся за сур'ёзнай медыцынскай дапамогай. Вясной 2018 г. ён перанёс аперацыю па выдаленні катаракты. У апошні раз моцнае недамаганне паўстала ў Пантыфіка ў пачатку студзеня ў сувязі з ішыялгіяй. Тады ён нават быў вымушаны адмяніць некаторыя важныя мерапрыемствы.
 

14 ліпеня 2021, 12:47