Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Lewis Tse Pui Lung - stock.adobe.com)

Францішак да ААН: голад у свеце – злачынства супраць чалавецтва

Францішак адправіў пасланне Антоніу Гутэрышу, Генеральнаму сакратару ААН, з нагоды папярэдняга саміту па харчовых сістэмах, прысвечанага пераадоленню голаду, харчовай бяспецы і недаяданню ў эпоху COVID-19.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Пантыфік лічыць, што пандэмія прывяла да “сістэмнай несправядлівасці, якая падрывае адзінства чалавечай сям'і”, з чаго вынікае неабходнасць радыкальных змен.

Чалавецтва працягвае “выкарыстоўваць прыроду аж да яе стэрылізацыі, пашыраючы тым самым не толькі прыродныя пустыні, але і ўнутраную духоўную”. У свеце вырабляецца дастатковая колькасць ежы для ўсіх, “але многія застаюцца без хлеба штодзённага”. Папа назваў гэта злачынствам, якое парушае асноўныя правы чалавека. Перамагчы сітуацыю, паводле яго, могуць “канкрэтныя дзеянні і перадавы вопыт, а таксама смелая рэгіянальная і міжнародная палітыка”.

“У гэтай перспектыве важную ролю адыгрывае дбайная і правільная рэформа харчовых сістэм, арыентаваная на павышэнне ўстойлівасці, умацаванне мясцовай эканомікі, паляпшэнне харчавання, скарачэнне харчовых адходаў і забеспячэнне здаровага харчавання для ўсіх, экалагічную ўстойлівасць і паважлівае стаўленне да мясцовых культур”, - лічыць Францішак.

Для поўнай ліквідацыі голаду недастаткова вытворчасці ежы, заўважыў Святы Айцец, патрэбна “новае мысленне і новы цэласны падыход, а таксама распрацоўка харчовых сістэм, якія абараняюць Зямлю і прызнаюць цэнтральную ролю за чалавечай асобай, гарантуюць дастатковую колькасць ежы ва ўсім свеце і спрыяюць годнай працы на мясцовым узроўні, кормяць свет сёння, не шкодзячы будучыні”.

Вельмі важна, лічыць Папа, “аднавіць цэнтральнае месца сельскага сектара”. Ён павінен адыгрываць прыярытэтную ролю ў працэсе прыняцця палітычных і эканамічных рашэнняў, а таксама падчас працэсу "перазагрузкі" пасля пандэміі. Дробных фермераў і сельскагаспадарчыя сем'і, з іх традыцыйнымі ведамі, трэба лічыць прывілеяванымі суб'ектамі. Сям'я з'яўляецца важным кампанентам харчовых сістэм, таму што ў ёй "чалавек вучыцца атрымліваць асалоду ад пладоў зямлі, не злоўжываючы імі”.

Францішак перакананы, што стварыць харчовую сістэму, якая адпавядае каштоўнасцям агульнага дабра, перашкаджаюць магутныя сёння індывідуальныя, закрытыя і супярэчлівыя эканамічныя інтарэсы. І цяперашні крызіс – гэта ўнікальная магчымасць для праўдзівага і смелага дыялогу аб нашай несправядлівай сістэме харчавання.

Пантыфік паабяцаў, што Апостальская Сталіца і Каталіцкі Касцёл будуць працягваць служыць высакароднай мэце рэалізацыі мары пра свет, дзе хлеба, вады, лекаў і працы будзе дастаткова ўсім.
 

26 ліпеня 2021, 17:59