Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: збаўленне Езуса ахоплівае ўсе вымярэнні чалавека

26 чэрвеня 2021 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі прадстаўнікоў 218-ці аддзяленняў італьянскага “Сaritas”. Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя дзейнасці гэтай дабрачыннай арганізацыі на Апенінах.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік указаў сваім гасцям на тры шляхі, якімі важна крочыць у сучасную эпоху вялікіх цяжкасцей і перамен. Першы з іх тычыцца бедных людзей і з’яўляецца шляхам апошніх. Францішак заклікаў адштурхоўвацца менавіта ад іх, спрабаваць глядзець на рэчаіснасць іх вачыма. Калі наша сэрца, гледзячы на бедных, не ўзрушваецца, значыць “нешта не працуе”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа заклікаў імкнуцца да самых складаных перыферый, каб вызваляць людзей з розных форм няволі, якія іх прыгнечваюць, і дапамагаць ім станавіцца галоўнымі героямі ўласнага жыцця.

Другі шлях, які прапанаваў Францішак, гэта шлях Евангелля. Ён указвае тое, што Езус прысутны ў кожным бедным і заклікае “быць Касцёлам ласкавасці, у якім бедныя з’яўляюцца шчаслівымі”. Неабходна, абапіраючыся на Евангелле, “абвяшчаць годнасць чалавека там, дзе яна растаптана, дапамагаць пачуць заглушаны крык бедных, даваць голас тым, хто яго не мае”. Папа нагадаў, што “Богу ўласціва блізкасць, спагада і пяшчотнасць” і трэба імкнуцца быць падобнымі да Яго.

“Гэта стыль бескарыслівай любові, якая не шукае адплаты. Гэта стыль гатоўнасці да служэння, па прыкладзе Езуса, які стаў нашым слугой. Гэта стыль, апісаны св. Паўлам, які кажа, што любоў “усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць”. Мяне ўражвае слова “ўсё”. Любоў – інклюзіўная, яна не клапоціцца толькі пра матэрыяльны аспект ці толькі пра духоўны. Збаўленне Езуса ахоплівае ўсяго чалавека. Мы маем патрэбу ў любові, прысвечанай цэласнаму развіццю чалавека: у духоўнай, матэрыяльнай, інтэлектуальнай любові”, - сцвердзіў Пантыфік.

Трэці шлях – шлях крэатыўнасці. “Не дазвольце, каб вас знеахвоціў рост колькасці новых бедных і новых форм беднасці. Працягвайце жывіць мары аб братэрстве і быць знакамі надзеі. Бараніцеся ад віруса песімізму праз дзяленне радасцю быцця вялікай сям’ёй. У гэтай братэрскай атмасферы Святы Дух, які з’яўляецца творцам і творчым, параіць новыя ідэі, адпаведныя часу, у якім мы жывем”, - запэўніў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Папа заклікаў звяртаць асаблівую ўвагу на патрэбы маладых людзей, якія з’яўляюцца “самымі ўразлівымі ахвярамі нашай эпохі перамен, але таксама патэнцыйнымі будаўнікамі эпахальных змен”. Пантыфік заахвоціў прысвячаць час моладзі і ўключаць іх у ініцыятывы “Сaritas”, якія могуць стаць для юнакоў і дзяўчат “трэніровачнай залай” у якой яны навучацца дарыць сябе і адчуваць “добры смак адшукання сябе ў прысвячэнні ўласнага часу іншым”.
 

26 чэрвеня 2021, 13:09