Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Copyright: Stefano Buttafoco Arti Fotografiche)

Пасланне Францішка на Сусветны дзень бедных

У Пасланні на Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца ў 2021 г. 14 лістапада, Папа заклікаў хрысціян і палітыкаў тэрмінова змяніць стыль жыцця, бо менавіта эгаізм, які пануе сёння, правакуе галечу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі вернікі хочуць асабіста ўбачыць Езуса і дакрануцца да Яго рукой, яны ведаюць, куды звярнуцца: бедныя – гэта сакрамэнт Хрыста, яны прадстаўляюць Яго і кіруюць да Яго”, - такія словы гучаць у тэксце, азагалоўленым цытатай з Евангелля св. Марка: "Убогіх заўсёды маеце пры сабе" (14, 7).

Хто не прызнае бедных, здраджвае вучэнню Езуса і не можа быць Яго вучнем

Пантыфік нагадаў крытыку Юды ў бок жанчыны, якая намасціла Езуса каштоўным мірам. “Можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім”, - кажа апостал-здраднік. Але ў рэчаіснасці, адзначае евангеліст Ян, Юда "сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі" (12, 5-6).

Францішак рашуча падкрэсліў: "Хто не прызнае бедных, здраджвае вучэнню Езуса і не можа быць Яго вучнем", бо бедныя знаходзяцца "у цэнтры шляху Касцёла".

Сёння, - заўважыў Святы Айцец, - "дадалася яшчэ адна пошасць, якая павялічыла колькасць бедных – пандэмія. Яна працягвае стукацца ў дзверы мільёнаў людзей, і калі не прыносіць пакут і смерці, усё яшчэ з'яўляецца прадвесніцай беднасці”. Некаторыя краіны адчуваюць вельмі сур'ёзныя наступствы пандэміі, у выніку чаго найбольш уразлівыя людзі пазбаўлены прадметаў першай неабходнасці.

Калі бедных выкідваюць на абочыну грамадства, як быццам бы яны вінаватыя ў сваім стане, то падрываецца само паняцце дэмакратыі

Пантыфік заклікаў знайсці "найбольш адпаведныя рашэнні для барацьбы з вірусам ва ўсім свеце, не нацэльваючыся на карыслівыя інтарэсы”. У прыватнасці, трэба дапамагчы тым, хто пакутуе ад беспрацоўя. Патрэбныя салідарнасць і дальнабачныя гуманітарныя праекты.

У сваім пасланні Папа папярэдзіў: “Індывідуалістычны лад жыцця з'яўляецца саўдзельнікам існавання беднасці, і часта ўскладае на бедных усю адказнасць за іх стан. Але беднасць – гэта не наканаванне лёсу, гэта следства эгаізму”.

Францішак перакананы – "патрэбны іншы падыход да беднасці”: “палітыкі і сусветныя інстытуты павінны прыняць дальнабачную сацыяльную мадэль, здольную сустрэцца з новымі формамі беднасці”. “Калі бедных выкідваюць на абочыну грамадства, як быццам бы яны вінаватыя ў сваім стане, то падрываецца само паняцце дэмакратыі, а любая сацыяльная палітыка банкрутуе”, - адзначыў ён.

Мы назіраем стварэнне ўсё новых пастак беднасці і ізаляцыі з боку нядобрасумленных эканамічных і фінансавых суб'ектаў

Пантыфік прапанаваў з вялікай пакорай прызнаць, “што перад беднымі мы часта недзеяздольныя”. “Мы гаворым пра іх абстрактна, спыняемся на статыстыцы і можам расчуліцца нейкім дакументальным фільмам”, але тут патрэбныя па-сапраўднаму творчыя праекты, - заўважыў ён.

Словы Езуса: "Убогіх заўсёды маеце пры сабе" (14, 7) – гэта запрашэнне ніколі не грэбаваць магчымасцю рабіць дабро, гэта не пытанне аблягчэння сумлення праз міласціну, а хутчэй супрацьстаянне культуры абыякавасці і несправядлівасці ў адносінах да бедных.

"Для эканамічнай сістэмы, якая ў цэнтры ставіць інтарэс некаторых прывілеяваных катэгорый" бедныя "становяцца невыносным цяжарам", а рынак, які ігнаруе этычныя прынцыпы, стварае бесчалавечныя ўмовы для людзей, што і так жывуць у складаных умовах, - адзначыў Францішак.

“Такім чынам, мы назіраем стварэнне ўсё новых пастак беднасці і ізаляцыі з боку нядобрасумленных эканамічных і фінансавых суб'ектаў, пазбаўленых гуманітарнага падыходу і сацыяльнай адказнасці", - напісаў Пантыфік.

Для хрысціян, - настойвае Папа, - існуе "непарыўная сувязь" паміж "Езусам, беднымі і абвяшчэннем Евангелля”. Уся дзейнасць Збаўцы пацвярджае, што беднасць – гэта не наканаванне лёсу, а канкрэтны знак Яго прысутнасці пасярод людзей.

Паводле Святога Айца, “бедныя з'яўляюцца сапраўднымі евангелізатарамі”, таму што яны “дазваляюць нам па-новаму адкрываць самыя сапраўдныя рысы аблічча Айца".
 

14 чэрвеня 2021, 11:32