Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: грамадства не можа развівацца, спісваючы людзей ва ўтыль

Неабходна глыбокая рэформа эканомікі, каб зрабіць працу па-сапраўднаму чалавечнай, каб яна не была небяспечнай, бруднай і не прыніжала годнасць людзей, перакананы Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў 109-й сесіі Міжнароднай арганізацыі працы, якая 17 чэрвеня 2021 г. распачалася ў Жэневе. У сувязі з абмежаваннямі, звязанымі ў пандэміяй каронавіруса, упершыню ў гісторыі форум праходзіць у фармаце анлайн-канферэнцыі.

Святы Айцец заклікаў дапамагчы людзям, што апынуліся “на ўскраіне свету працы” і пацярпелі ад наступстваў пандэміі COVID-19. У прыватнасці ён звярнуў увагу на сітуацыю мігрантаў, уразлівых работнікаў і іх сем’яў, якія засталіся без магчымасці карыстацца сістэмай аховы здароўя, без фінансавай абароны і псіхалагічнай дапамогі.

Пантыфік нагадаў, што пандэмія справакавала рост беднасці, беспрацоўя, праблем з уваходам моладзі на рынак працы, эксплуатацыі непаўналетніх, гандлю людзьмі, харчовай небяспекі, неабароненасці хворых і пажылых людзей. Ён заклікаў палітыкаў не пакідаць без увагі моладзь, мігрантаў, бедных і асабліва жанчын, многія з якіх падчас пандэміі сталі ахвярамі насілля, злоўжыванняў, няроўнасці і эксплуатацыі.

Папа папрасіў гарантаваць фундаментальныя правы работнікаў, уключаючы права на стварэнне прафсаюзаў. Ён заклікаў да глыбокай рэформы эканомікі, таму што грамадства не можа развівацца, спісваючы людзей ва ўтыль. Існуе рызыка захворвання вірусам, яшчэ больш небяспечным чым COVID-19 – вірусам раўнадушша, які прымушае прыносіць на “алтар прагрэсу” самых слабых.

Паводле Францішка, у свет працы павінен увайсці прынцып клопату. Кожнае прадпрыемства павінна штодзённа задумвацца пра тое, ці клапоціцца яно пра сваіх работнікаў. Разам з тым Папа звярнуў увагу на сітуацыю культур карэнных народаў, якія вельмі часта аказваюцца маргіналізаванымі.

“Я лічу, што настаў момант для таго, каб канчаткова вызваліцца ад спадчыны Асветы, якая атаясамлівала слова культура з пэўнага роду інтэлектуальнай фармацыяй ці сацыяльнай прыналежнасцю. Кожны народ мае сваю культуры і павінны прымаць яе такой, якая яна ёсць”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў пра вялікую адказнасць палітыкаў, прадстаўнікоў прафсаюзаў і прадпрымальнікаў, а таксама папярэдзіў аб важнасці барацьбы са злаякаснай пухлінай карупцыі.

Напрыканцы паслання Папа падкрэсліў, што “паралельна з правам на прыватную ўласнасць, існуе больш важны і галоўны прынцып падпарадкавання ўсёй прыватнай уласнасці паўсюднаму прызначэнню дабротаў зямлі, а значыць, і права ўсіх карыстацца імі”.
 

17 чэрвеня 2021, 13:45