Пошук

Vatican News
Папа Францішак і настаяцель калегіума св. Людовіка Французскага кс. Жан Ландузі Папа Францішак і настаяцель калегіума св. Людовіка Французскага кс. Жан Ландузі  (Vatican Media)

Францішак да святароў: не марыць пра веліч і быць апосталамі радасці

Адрачыся ад саміх сябе і мар пра веліч, каб паставіць Бога і людзей у цэнтр штодзённых клопатаў, - заклікаў Пантыфік французскіх святароў, якія атрымліваюць адукацыю ў Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Жыццё ў братэрстве можа быць сведчаннем для грамадства, пазначанага індывідуалізмам, самасцвярджэннем і абыякавасцю, - падкрэсліў Папа 7 чэрвеня 2021 г., прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане супольнасць рымскага калегіума св. Людовіка Французскага. Святы Айцец адзначыў каштоўнасць супольнага жыцця, але таксама звярнуў увагу на некаторыя цяжкасці, якія могуць яму спадарожнічаць.

У супольным жыцці заўсёды ёсць спакуса стварэння малых груп, самаізалявання, крытыкі і абгаворвання іншых, адчування сябе больш важнымі і разумнымі. У такім кантэксце Папа заклікаў святароў прымаць адзін аднаго як дар, а таксама з радасцю перажываць каштоўныя моманты дзялення і малітвы ў супольнасці.

“У братэрстве, якое перажываецца ў праўдзе, у шчырасці адносін і малітоўным жыцці, мы можам будаваць супольнасць, у якой дыхаецца паветрам радасці і ласкавасці”, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што “святар – гэта чалавек, які, у святле Евангелля, распаўсюджвае водар Бога вакол сябе і перадае надзею неўтаймаваным сэрцам”. Ён заклікаў сваіх гасцей быць пастырамі з “пахам авечак”, асобамі, здольнымі жыць, смяяцца і плакаць з народам, камунікаваць з ім.

“Адрачыцеся ад сябе, ад ідэй, якія ўжо стварылі для сябе, ад вашых мар пра веліч, ад вашага самасцвярджэння, каб паставіць Бога і людзей у цэнтр вашых штодзённых клопатаў”, - заклікаў Францішак.

Папа заахвоціў святароў заўсёды мець перад сабой шырокія гарызонты і марыць пра Касцёл, які служыць, пра больш братэрскі і салідарны свет; не баяцца рызыкаваць разам з Хрыстом, мець пачуццё гумару і быць “апосталамі радасці”, здольнымі здабываць сэрцы людзей. “Святарская радасць – гэта крыніца вашай дзейнасці як місіянераў вашага часу”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Пантыфік заклікаў сваіх гасцей быць удзячнымі Пану за тое, кім яны з’яўляюцца, а таксама адзін за аднаго, памятаючы, што “ўдзячнасць – гэта “магутная зброя”, якая дазваляе трымаць запаленым полымя надзеі ў моманты адчаю, самотнасці і выпрабаванняў”.

07 чэрвеня 2021, 12:59