Пошук

2021-06-15--16.28.35aem.jpg

Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў форуму GLOBSEC

Францішак звярнуўся з відэа-пасланнем да ўдзельнікаў XVI Еўрапейскага форуму GLOBSEC, які праходзіць у Браціславе з 15 па 17 чэрвеня 2021 г. на тэму “Адбудаваць лепшы свет”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец высока ацаніў намаганні міжнароднай канферэнцыі, закліканай прапанаваць свету шляхі абнаўлення пасля пандэміі COVID-19, абмяркоўваючы “шэраг сур'ёзных і ўзаемазвязаных сацыяльна-эканамічных, экалагічных і палітычных пытанняў". На думку Папы, тут можа дапамагчы прынцып “бачыць - ацэньваць - дзейнічаць”.

Па-першае, сур'ёзны і сумленны аналіз мінулага, які ўключае "прызнанне сістэмных няўдач, дапушчаных памылак і безадказнасці перад Створцам, бліжнімі і стварэннем”, неабходны не толькі для распрацоўкі ідэі абнаўлення, але і для выпраўлення таго, што “не працавала” да пандэміі.

Па словах Пантыфіка, сёння мы бачым свет, падмануты “ілюзорным пачуццём бяспекі, заснаваным на смазе прыбытку”. Перад нашымі вачыма “мадэль эканамічнага і грамадскага жыцця, якая мае рысы няроўнасці і эгаізму, дзе меншасць насельніцтва планеты валодае большасцю дабротаў, часцяком не саромеючыся эксплуатаваць людзей і рэсурсы”. Мы бачым лад жыцця, які мала ўлічвае экалагічныя інтарэсы: людзі прывыклі нястрымна спажываць і разбураць тое, што належыць усім, назапашваючы “экалагічны доўг” для самых бедных і будучых пакаленняў.

Другі крок, падкрэсліў Папа, – гэта ацэнка ўбачанага. Цяперашні крызіс адкрывае новыя магчымасці. Па сутнасці, ён прымушае рабіць выбар паміж дабром і злом, бо з яго нельга выйсці ранейшымі – выключна лепшымі ці горшымі. Крызіс адкрывае шлях да будучыні, у якой будзе прызнавацца сапраўдная роўнасць усіх людзей, дзе народы атрымаюць рэальныя і справядлівыя магчымасці для развіцця.

Убачыўшы і ацаніўшы становішча рэчаў, адзначыў Францішак, трэба неадкладна прыступаць да дзеянняў, каб не страціць магчымасці, прапанаваныя крызісам. У кантэксце сацыяльнай несправядлівасці неабходна новая мадэль развіцця, якая паставіць у цэнтр “кожнага чалавека і ўсяго чалавека”. Любое дзеянне мае патрэбу ва ўсёабдымным бачанні, напоўненым надзеяй. Дзеянні ў імя ўсеагульнага развіцця непарыўна звязаны з навяртаннем. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра экалагічнае навяртанне, якое ўключае ў сябе ўспрыманне стварэння як “агульнага дома” і імкненне да яго абароны.

Папа пажадаў, каб праца браціслаўскага форуму дапамагла выпрацаваць мадэль аднаўлення, здольную генерыраваць больш інклюзіўныя і ўстойлівыя рашэнні.
 

15 чэрвеня 2021, 15:40