Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Пантыфік: св. Норберт застаецца прыкладам веры для ўсіх

Св. Норберт дазваляў Евангеллю весці яго ў розных сітуацыях: як вандроўны прапаведнік, святар, настаяцель супольнасці, біскуп, ён заўсёды слухаў Бога і братоў, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак скіраваў пасланне з нагоды 900-годдзя першай супольнасці Ордэна Рэгулярных Канонікаў Прэманстрантаў, члены якога вядомы таксама як прэманстранты і нарбертане. Папа падзяліўся думкамі аб жыццёвым шляху яе заснавальніка, св. Норберта Ксантэнскага, паказваючы яго як аднаго з галоўных рэфарматараў Касцёла ў ХІІ стагоддзі.

Св. Норберт нарадзіўся ў 1075 г. у горадзе Ксантэн у Германіі. Атрымаў добрую адукацыю і дзякуючы падтрымцы Біскупа Кёльнскага Фэдэрыка трапіў да двара імператара Генрыха V. Гэта быў перыяд так званай барацьбы за інвестытуру, калі свецкія ўладары прэтэндавалі на тое, каб самастойна прызначаць біскупаў на сваіх тэрыторыях. Адначасова ў Касцёле ўзнікалі новыя погляды.

“Было шмат мужчын і жанчын, натхнёных Богам, якія пачалі падвяргаць сумневам сувязь паміж слугамі Касцёламі і выключна свецкімі інтарэсамі”, - зазначыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што сярод такіх людзей быў і св. Норберт. Ён вырашыў адрачыся ад жыцця пры двары і пачаў прапаведваць, заклікаючы да пакаяння і навяртання, сустракаючыся таксама з вострай крытыкай.

Св. Норберт абвяшчаў Евангелле, аздараўляў хворых, праганяў нячыстых духаў і быў здольным прымірыць сем'і, паміж якімі існавала варожасць, здабыўшы славу “апостала міру”, нагадаў Папа ў пасланні, скіраваным на імя Генеральнага настаяцеля Ордэна Рэгулярных Канонікаў Прэманстрантаў, а. Ёзэфа Вотэрса

“Сёння, больш чым калі-небудзь, дарагі браце, абвяшчэнне Евангелля з’яўляецца неабходным і вымагае з боку ўсіх, а асабліва святароў, велікадушных высілкаў і красамоўнай адпаведнасці паміж пасланнем, якое абвяшчаецца, і асабістым і супольным жыццём”, - напісаў Пантыфік.

У 1121 г. св. Норберт заснаваў першую супольнасць сваіх паслядоўнікаў недалёка ад Прэмонтрэ, кіруючыся рэгулай св. Аўгустына. Яна адрознівалася строгасцю манаскага жыцця, злучанай з гасціннасцю і клопатам пра бедных і пілігрымаў. “Дарагія сыны св. Норберта, заўсёды захоўвайце гэту адкрытасць сэрца, здольную расчыняць дзверы свайго дома, каб прыняць таго, хто шукае духоўнай парады, матэрыяльнай дапамогі, хто прагне раздзяліць вашу малітву”, - заклікаў Папа.

Францішак нагадаў, што сілы для сваёй веры і місіі св. Норберт чэрпаў з Эўхарыстыі, застаючыся таксама і сёння прыкладам веры для ўсіх, асабліва для святароў. “Ваш заснавальнік жыў у розных асяроддзях, але ў кожнай сітуацыі дазваляў Евангеллю весці яго: як вандроўны прапаведнік, святар, настаяцель супольнасці, біскуп, ён не пераставаў слухаць Бога і братоў, і быў здольным чыніць распазнанне ў розных жыццёвых абставінах, не губляючы з поля зроку свайго першапачатковага памкнення”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Ордэн Прэманстрантаў налічвае каля 1200 чалавек. Яму належыць каля 80 кляштараў, у тым ліку жаночых, якія знаходзяцца галоўным чынам у Еўропе – у Бельгіі, Нідэрландах, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі і Венгрыі. 900-годдзе з дня заснавання абацтва ў Прэмонтрэ адзначалася 6 чэрвеня 2021 г.
 

08 чэрвеня 2021, 10:16