Пошук

Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане 

Папа: Эўхарыстыя перамяняе свет, калі становімся хлебам для іншых

Эўхарыстыя “змяняе свет настолькі, наколькі дазваляем ёй перамяніць нас і становімся хлебам, паламаным для іншых”, - сказаў Папа падчас св. Імшы з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кожны з нас мае прагненне любові, радасці, споўненага жыцця ў больш чалавечным свеце. “Яго немагчыма ўтаймаваць з дапамогай мірскіх рэчаў, бо гаворка ідзе пра больш глыбокую прагу, якую толькі Бог можа ўталіць”, - сцвердзіў Францішак падчас урачыстай літургіі, якая 6 чэрвеня 2021 г. адбылася ў ватыканскай базыліцы св. Пятра.

“Каб чыніць Эўхарыстыю неабходна ў першую чаргу прызнаць уласнае прагненне Бога, адчуваць сябе людзьмі, якія патрабуюць Яго, жадаюць Яго прысутнасці і Яго любові, усведамляюць, што не здолеюць самі, але патрабуюць Хлеба і Напою вечнага жыцця, што будуць падтрымліваць на шляху”, - дадаў Пантыфік.

Паводле Папы, трагедыя сённяшняга дня заключаецца ў тым, што “гэта прагненне часта здаецца пагаслым”. Згаслі пытанні пра Бога, аслабла прагненне Бога, усё радзей сустракаюцца тыя, хто шукае Бога. Бог ужо не прываблівае, бо мы больш не заўважаем нашага глыбокага прагнення, але менавіта яно “прыводзіць нас да алтара”.

Францішак зазначыў таксама, што Касцёлу не можа быць дастаткова толькі малой групкі тых самых людзей, якія збіраюцца на Эўхарыстыі”; таму мы “павінны выйсці ў горад, сустракацца з людзьмі, навучыцца распазнаваць і абуджаць у іх прагненне Бога і прагненне Евангелля”.

Пантыфік нагадаў, што Божая прысутнасць у кавалку Хлеба “з’яўляецца настолькі пакорнай, схаванай, часам нябачнай, што мы патрабуем падрыхтаванага, абуджанага і гасціннага сэрца, каб распазнаць яе”. Неабходна пашырыць сэрца, выйсці з малога пакою ўласнага эга і ўвайсці ў вялікую прастору захаплення і пакланення. Гэта стан, які мы павінны прыняць у адносінах да Эўхарыстыі, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што “Касцёл павінен быць вялікай залай. Не малым і закрытым гуртком, але супольнасцю з шырока раскінутымі рукамі, якая запрашае ўсіх”. “Спытаем у сябе: калі да нас прыходзіць нехта паранены, хто памыліўся, хто мае іншы жыццёвы шлях, ці з’яўляецца Касцёл вялікай залай, каб прыняць такога чалавека і прывесці яго да радасці сустрэчы з Хрыстом? Эўхарыстыя прагне быць пасілкам тых, хто стомлены і галодны на шляху, не будзем забываць пра гэта! Касцёл дасканалых і чыстых з’яўляецца памяшканнем, у якім няма месца нікому. У сваю чаргу Касцёл з расчыненымі дзвярыма, які цэлебруе вакол Хрыста, з’яўляецца вялікай залай, у якую могуць увайсці ўсе”, - сцвердзіў Папа.

Каментуючы евангельскі жэст ламання хлеба Пантыфік нагадаў, што раней у ахвяру прыносіліся ягняты, а цяпер Езус становіцца ягнём і прыносіць у ахвяру сябе. “У Эўхарыстыі мы сузіраем і ўшаноўваем Бога любові. Гэта Пан, які не ламае нікога, а толькі самаго сябе. Гэта Пан, які не прагне ахвяр, а сам складае сябе ў ахвяру”, - сказаў Францішак.

“Каб цэлебраваць Эўхарыстыю і жыць ёй, таксама і мы пакліканы быць такой любоўю, бо нельга ламаць нядзельны Хлеб, калі тваё сэрца закрытае на братоў. Нельга спажываць гэты Хлеб, калі не даеш хлеба галоднаму. Нельга дзяліцца гэтым Хлебам, калі не раздзяляеш пакут людзей у патрэбе”, - папярэдзіў Пантыфік, падкрэсліваючы, што Эўхарыстыя “перамяняе свет настолькі, наколькі дазваляем ёй перамяніць нас і становімся хлебам, паламаным для іншых”.
 

07 чэрвеня 2021, 09:37