Пошук

Vatican News

Інтэнцыя Папы: быць будаўнікамі дыялогу і сяброўства ў грамадстве

30 чэрвеня 2021 г. быў абнародаваны відэаролік, падрыхтаваны Сусветнай сеткай малітвы Папы, у якім Францішак абвясціў і патлумачыў сваю малітоўную інтэнцыю на ліпень.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Біблія кажа, што той, хто знайшоў сябра, той скарб знайшоў. Я хацеў бы прапанаваць усім выйсці за рамкі сяброўскіх груп і будаваць сацыяльнае сяброўства, вельмі патрэбнае для добрага суіснавання”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў у першую чаргу сустракацца з самымі беднымі і ўразлівымі, з людзьмі, якія жывуць на перыферыях; аддаляцца ад папулізму, які эксплуатуе трывогі народу, не даючы рашэнняў, а прапануючы містыку, якая не вырашае нічога; уцякаць ад сацыяльнай варожасці, якая толькі знішчае; а таксама выходзіць з “палярызацыі”.

“І гэта не заўсёды лёгка, асабліва сёння, калі частка палітыкі,  грамадства і СМІ імкнецца ствараць ворагаў, каб потым перамагаць іх у гульнях за ўладу”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што “дыялог – гэта шлях да таго, каб паглядзець на рэчаіснасць па-новаму, каб з заўзятасцю перажываць выклікі ў будаванні агульнага дабра”. “Будзем маліцца, каб у канфліктных грамадскіх, эканамічных і палітычных сітуацыях, мы былі адважнымі і заўзятымі будаўнікамі дыялогу і сяброўства, мужчынамі і жанчынамі, якія заўсёды працягваюць руку, і каб не было больш месца для варожасці і вайны”, - агучыў сваю малітоўную інтэнцыю Пантыфік.

 

30 чэрвеня 2021, 15:59