Пошук

Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота Інстытут рэлігійных спраў. Ілюстрацыйнае фота 

Інстытут рэлігійных спраў падсумаваў бюджэт за 2020 г.

27 красавіка 2021 г. Назіральная рада Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк, аднагалосна ўхваліла бюджэт установы за 2020 г. Пра гэта паведаміла 11 чэрвеня Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У адпаведнасці са Статутам, Назіральная рада накіравала дакумент Камісіі кардыналаў, “падкрэсліваючы надзейнасць і высокую якасць фінансавых дадзеных Інстытута (узровень актываў і ліквіднасці) і іх адпаведнасць самым высокім міжнародным стандартам”.

Згодна з указаннямі папы Францішка Камісія кардыналаў ухваліла размеркаванне прыбытку, накіраваўшы 75% на патрэбы Святога Айца і канкрэтных устаноў, а астатнія 25% на павелічэнне ўзроўню актываў у адпаведнасці з пастаянным развіццём Інстытута і доўгатэрміновай місіяй служэння Каталіцкага Касцёла.

“У 2020 г., асабліва цяжкім для сусветнай эканоміцы, Інстытут працягваў аказваць якасныя фінансавыя паслугі Дзяржаве Ватыкан і Каталіцкаму Касцёлу, які прысутнічае ва ўсім свеце. Акрамя таго, Інстытут надалей прыкладае намаганні па забеспячэнні поўнага і пастаяннага выканання сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла і яго прынцыпаў ва ўсіх відах аператыўнай дзейнасці, у прыватнасці, у працэсах кіравання і інвестыцыйнай палітыцы, што тычыцца ўласных і кліенцкіх актываў”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку.

Ключавыя фінансавыя дадзеныя за 2020 г., выражаныя ў еўра, выглядаюць наступным чынам: 5 млрд дэпазітаў кліентаў (5,1 млрд у 2019 г.), з якіх 3,3 млрд адносяцца да кіраваных актываў або захоўваюцца ў каштоўных паперах; чысты прыбытак у памеры 36,4 млн (38 млн у 2019 г.), што з’яўляецца вынікам інвестыцыйнага працэсу, заснаванага на каталіцкай этыцы; капітал у памеры 645,9 млн па стане на 31 снежня 2020 г. (630 млн на 31 снежня 2019 г.) і пасля размеркавання прыбытку.

На працягу 2020 г. Інстытут рэлігійных спраў працягваў умацоўваць кіраўнічую каманду і павялічваць інвестыцыі ў ІТ, уключаючы праграму развіцця для павышэння ўстойлівасці тэхналагічнай інфраструктуры і зніжэння рызык, звязаных з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій.

Назіральную раду Інстытута рэлігійных спраў узначальвае француз Жан-Батыст Дувіль дэ Франсю. Камісія кардыналаў складаецца з: старшыні – кардынала Сантаса Абрыль-і-Кастэльё; арцыбіскупа Венскага, кардынала Крыстафа Шонборна; прэфекта Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, кардынала Луіса Антоніа Тагле; Апостальскага элемазінарыя, кардынала Конрада Краеўскага; арцыбіскупа Аквільскага і члена Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, кардынала Джузэпэ Пэтрокі.
 

11 чэрвеня 2021, 11:01