Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з новымі пасламі пры Святым Пасадзе Папа падчас сустрэчы з новымі пасламі пры Святым Пасадзе  (Vatican Media)

Папа прыняў даверчыя граматы і абвясціў малітву за мір у Святой Зямлі

Наступствы пандэміі, роля дыпламатыі ў пераадоленні этычных выклікаў і сітуацыя ў Святой Зямлі былі галоўнымі тэмамі прамовы Папы да новых паслоў пры Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак заклікаў усіх пастыраў і вернікаў Каталіцкага Касцёла маліцца аб дары міру паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Свой зварот ён скіраваў падчас сустрэчы з новымі дыпламатычнымі прадстаўнікамі Сінгапура, Зімбабвэ, Бангладэш, Алжыра, Шры-Ланкі, Барбадоса, Швецыі, Фінляндыі і Непала. Пантыфік прыняў іх даверчыя граматы 21 мая 2021 г. у ватыканскім Апостальскім палацы.

У першую чаргу Папа заўважыў, што пандэмія пагоршыла сацыяльны і эканамічны крызіс ва ўсім свеце, умацавала ўсведамленне людзьмі сваёй узаемазалежнасці як членаў адзінай чалавечай сям’і, а таксама патрэбу ў большай увазе да бедных і безабаронных.

“У той час, калі мы намагаемся выйсці з актуальнага крызіса, нашы грамадствы стаяць перад выклікам здзяйснення канкрэтных крокаў, па-сапраўднаму мужных, каб развіваць глабальную “культуру клопату”, якая зможа натхніць узнікненне новых адносін і структур супрацоўніцтва на службе салідарнасці, павазе да чалавечай годнасці, узаемнай дапамозе і сацыяльнай справядлівасці”, - дадаў Святы Айцец.

Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе
Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе

Паводле Пантыфіка, пандэмія паказала цяжкасці і няздольнасць міжнароднай супольнасці шукаць супольныя рашэнні глабальных праблем, напрыклад, такіх як міграцыя, кліматычныя змены і гуманітарныя крызісы. “Я думаю таксама пра эканамічную пазыку, якая ляжыць на многіх краінах, што змагаюцца за выжыванне, пра “экалагічны доўг”, які маем перад прыродай, а таксама перад народамі і краінамі, што пакутуюць ад дэградацыі навакольнага асяроддзя, выкліканай дзейнасцю чалавека, і ад знікнення біяразнастайнасці”, - сказаў ён.

“Гэта не проста палітычныя ці эканамічныя праблемы; гэта пытанні справядлівасці, якія не могуць ігнаравацца ці адкладацца на іншы час. Гаворка ідзе пра маральны абавязак, які тычыцца адносін паміж пакаленнямі, бо тое, наколькі сур’ёзна адкажам на гэтыя пытанні, стане вызначальным для свету, які пакінем нашым дзецям”, - сцвердзіў Францішак.

Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе
Аўдыенцыя для новых паслоў пры Святым Пасадзе

Папа падкрэсліў, што праца дыпламатаў мае фундаментальнае значэнне для вырашэння этычных праблем, якія стаяць перад чалавецтвам. Ён запэўніў у падтрымцы Апостальскай Сталіцай “усіх намаганняў на карысць будавання свету, у якім чалавек будзе знаходзіцца на цэнтральным месцы, фінансы будуць служыць інтэгральнаму развіццю, а Зямля, наш супольны дом, будзе абаронена і атулена клопатам”.

“Касцёл, праз свае адукацыйныя, дабрачынныя і медыцынскія ініцыятывы ва ўсім свеце, працуе на карысць агульнага дабра, спрыяючы развіццю людзей і народаў, і такім чынам імкнецца рабіць унёсак у справу міру”, - дадаў Францішак.

Пантыфік скіраваў свае думкі да сітуацыі ў Святой Зямлі, узносячы падзяку Богу на спыненне ўзброеных сутыкненняў і заклікаючы да дыялогу і міру. Ён абвясціў, што ў вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, 22 мая 2021 г., па ініцыятыве каталіцкіх ардынарыяў Святой Зямлі, у касцёле св. Стэфана ў Іерусаліме, адбудзецца малітва аб дары міру. Папа заклікаў далучыцца да яе ўсіх пастыраў і вернікаў Каталіцкага Касцёла.
 

21 мая 2021, 11:41