Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа з нагоды канцэрта Vax Live: мы маем патрэбу ў святле і надзеі

Святы Айцец скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў і гледачоў дабрачыннага канцэрта ў падтрымку вакцынацыі ад каронавіруса Vax Live – The Concert To Reunite the World.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Прыміце шчырае прывітанне ад старога, які не танчыць і не спявае як вы, але таксама як вы верыць у тое, што несправядлівасць і зло не з’яўляюцца непераможнымі”, - такімі словамі Францішак распачаў свой відэазварот.

Папа заўважыў, што каронавірус стаў прычынай смерці і пакут шматлікіх людзей, значна паўплываў на жыццё найбольш уразлівых, пагоршыў сацыяльныя і экалагічны крызіс. “Перад абліччам вялікай цемры і няўпэўненасці ёсць патрэба ў святле і надзеі. Мы патрабуем шляхоў аздараўлення і збаўлення. Я маю на ўвазе аздараўленне ў корані, якое пераможа прычыну зла, а не абмяжуецца толькі сімптомамі. У гэтых каранях знаходзіцца вірус індывідуалізма, які не робіць нас больш ні свабоднымі, ні роўнымі, не робіць братамі, але ператварае ў людзей, абыякавых да пакут іншых”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік назваў іншымі варыянтамі віруса індывідуалізма “закрыты нацыяналізм, які перашкаджае, напрыклад, вакцынаваму інтэрнацыяналізму”, перавагу законаў рынку і інтэлектуальнай уласнасці над законамі любові і здароўя чалавецтва, а таксама хворую эканоміку, якая дазваляе невялікай колькасці вельмі багатых людзей, мець ва ўласнасці больш, чым усё астатняе чалавецтва, а мадэлям вытворчасці і спажывальніцтва знішчаць планету, наш супольны дом.

Святы Айцец нагадаў пра ўзаемасувязь паміж сацыяльнай несправядлівасцю, беднасцю і праблемамі навакольнага асяроддзя. “Прырода і чалавек – мы з’яднаныя. Бог Стварыцель напаўняе нашы сэрцы новым і шчодрым духам, каб пакінулі наш індывідуалізм і спрыялі агульнаму дабру: гэта дух справядлівасці, які падштурхоўвае нас забяспечваць усеагульны доступ да вакцыны і часова спыніць дзейнасць права на інтэлектуальную ўласнасць; гэта дух адзінства, які дазволіць нам стварыць іншую эканамічную мадэль – больш інклюзіўную, справядлівую, устойлівую”, - сцвердзіў Францішак.

Пантыфік заклікаў быць вынаходлівымі і шукаць шляхі для таго, каб выйсці ў крызісу лепшымі. Ён запэўніў у малітве аб дары новага братэрства, паўсюднай салідарнасці, каб людзі маглі распазнаць дабро і прыгажосць, якія Бог пасеяў у кожным чалавеку.

90-хвілінны канцэрт Vax Live быў запісаны некалькі дзён таму ў Лос Анджэлесе. Ён будзе трансліравацца 8 мая 2021 г. найбуйнейшымі ў свеце тэлевізійнымі каналамі і інтэрнэт-рэсурсамі. Мэта ініцыятывы з удзелам сусветнавядомых зорак музыкі і кіно заключаецца ў падтрымцы кампаніі па вакцынацыі ад СOVID-19, а таксама ў заахвочванні міжнароднай супольнасці да забеспячэння ўсеагульнага доступу да вакцыны, асабліва ў бедных краінах. Праект быў падтрымана шматлікімі палітычнымі дзеячамі і міжнароднымі арганізацыямі.
 

08 мая 2021, 11:13