Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з Патрыярхам Грыгорыем Бэдрасам ХХ Папа падчас сустрэчы з Патрыярхам Грыгорыем Бэдрасам ХХ 

Папа моліцца за спачылага Патрыярха Армянскай Каталіцкай Царквы

Папа скіраваў пасланне з нагоды пахавання Патрыярха-Каталікоса Армянскай Каталіцкай Царквы Грыгорыя Бэдраса ХХ Гарбаяна. Іерарх адышоў у вечнасць 25 мая 2021 г. у Бейруце ў 87-гадовым узросце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Было шмат асаблівых момантаў, якія дазволілі мне быць блізка да Патрыярха Грыгорыя Бедраса ХХ, а разам з ім – і да ўмілаванага армянскага народа, які шмат пакутаваў на працягу гісторыі, але заўсёды заставаўся верным вызнанню веры ў Хрыста Збаўцу”, - напісаў Пантыфік у пасланні на імя арцыбіскупа Бутраса Маяраці, Адміністратара Армянскай Каталіцкай Царквы.

Францішак нагадаў, што пасля абрання на пасаду пастыра Армянскай Каталіцкай Царквы Грыгорый Гарбаян спытаў у яго спецыяльнае благаслаўленне, каб быць здольным кіраваць Патрыярхатам нягледзячы на даволі сталы ўзрост.

Пантыфік падзяліўся ўспамінамі пра свае шматлікія сустрэчы з памерлым іерархам, у прыватнасці пра св. Імшу якую яны разам цэлебравалі ў Ватыкане 7 верасня 2015 г. і падчас якой здзейснілі абрад абмену Святымі Дарамі, у пацвярджэнне эўхарыстычных каранёў адзінства паміж Біскупам Рыма і Армянскай Каталіцкай Царквой. Папа распавёў пра сустрэчу з іерархам падчас Апостальскага падарожжа ў Арменію ў 2016 г., а таксама падчас урачыстага адкрыцця статуі св. Грыгорыя з Нарэка ў Ватыканскіх садах, якое адбылося ў 2018 г.

Францішак звярнуў увагу на ўклад спачылага Патрыярха ў дапамогу насельніцтву Сірыі і Лівана, а таксама назваў яго асаблівай заслугай адкрыццё беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсу Слугі Божага кардынала Грыгорыя Бэдраса ХV Агаджаняна.

Папа заўважыў, што на апошнім этапе свайго зямнога пілігрымавання Грыгорый Бэдрас ХХ з годнасцю зносіў паступовае згасанне фізічных сіл і з пачуццём адказнасці пытаўся ў сумленні пра тое, ці здольны ён працягваць кіраваць Армянскай Каталіцкай Царквой як Патрыярх. “Пан жа адказаў яму, у апошні раз паклікаўшы ісці за Ім”, - дадаў Пантыфік.

На заканчэнне паслання Францішак заклікаў даверыць памерлага міласэрнасці Бога, “ля трону Якога, мы ўпэўнены, яго суправаджае заступніцкая малітва Багародзіцы, св. Грыгорыя Асветніка і св. Грыгорыя з Нарэка, а таксама ўсе армянскія мучанікі і святыя”.
 

29 мая 2021, 12:11