Пошук

Vatican News
Міністранты. Ілюстрацыйнае фота Міністранты. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да міністрантаў: будзь святым, будзь арыгінальным

Папа заахвоціў партугальскіх міністрантаў да "выпраменьвання святла і надзеі, якія паходзяць ад Бога". Ён скіраваў адмысловае пасланне, прымеркаванае да 25-й Нацыянальнай пілігрымкі службы алтара ў Фаціму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У духоўным вандраванні, якое праходзіла пад дэвізам "Будзь святым, будзь арыгінальным", узялі ўдзел каля тысячы падлеткаў з усёй Партугаліі.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што надзея, якую дае Бог, ніколі не знікае. З Ім нічога не страчана, і наадварот, без яго страчана ўсё. Францішак заклікаў моладзь не баяцца кінуцца ў абдымкі нябеснага Айца і давяраць Яму, бо Ён робіць кожнага з нас адзіным і непаўторным святым. Папа заахвоціў міністрантаў не ўпадаць у пасрэднасць, і гэтаму павінны дапамагчы вялікія ідэалы, які Езус ставіць перад намі.

Пантыфік запрасіў удзельнікаў пілігрымкі выкарыстаць увесь энтузіязм свайго ўзросту для пошуку сустрэчы з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі, прапанаваць Яму свае рукі, думкі і час. Ён дасць сапраўдную радасць і дазволіць адчуць, дзе самае поўнае шчасце.

"Не будзеш святым, не рэалізуеш сябе, пераймаючы іншых; табе трэба зразумець, хто ты, і выпрацаваць уласны спосаб святасці”, - заярнуўся Францішак да міністрантаў, падкрэсліваючы, што Езус жадае нашай арыгінальнасці.

Папа таксама ўказаў на св. Юзафа як прыклад “святога і арыгінальнага слугі Езуса”. Ён заахвоціў прадстаўнікоў службы алтара заўсёды годна служыць цуду сашэсця Езуса на зямлю, які кожны дзень здзяйсняецца на нашых алтарах.
 

04 мая 2021, 10:57