Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з Лідзія Максімовіч Папа падчас сустрэчы з Лідзія Максімовіч  (ANSA)

Папа сустрэўся з былой вязніцай Аўшвіца беларускага паходжання

Святы Айцец сустрэўся з Лідзіяй Максімовіч, якая ў маленстве перажыла жахі канцэнтрацыйнага лагера Аўшвіц-Біркенаў і эксперыменты сумнавядомага Ёзэфа Менгеля.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кароткая сустрэча адбылася 26 мая 2021 г. на заканчэнне агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. “Калі Папа падышоў да мяне, я закасала рукаў і паказала яму лагерны нумар. На імгненне ён спыніўся, узяў маю руку і пацалаваў гэты нумар”, - распавяла 77-гадовая полька беларускага паходжання ў інтэрв’ю Vatican News.

У якасці падарунка Лідзія Максімовіч уручыла Францішку бела-блакітную хустку з лацінскай літарай “Р” у чырвоным трохкутніку, якія былыя польскія вязні Аўшвіц-Біркенаў апранаюць падчас памятных мерапрыемстваў, карціну з выявай маці і дзяўчынкі, што трымаюцца за рукі на фоне лагера смерці, а таксама ружанец з выявай св. Яна Паўла ІІ, які спецыяльна для Папы благаславіў яе хросны сын, каталіцкі святар.

Лідзія Максімовіч (пры нараджэнні Людміла Бачарова) нарадзілася ў вёсцы Прыбыткі на Полаччыне. Калі тэрыторыя Беларусі была акупавана нацыстамі, а бацька пайшоў на фронт, сям’я дзяўчынкі хавалася ў лесе, але была схоплена немцамі і адпраўлена ў турму ў Віцебску, а адтуль у канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц-Біркенаў.

3-гадовая вязніца атрымала парадкавы нумар 70072, які быў вытатуіраваны на яе руцэ, а падчас “селекцыі” была прызнана “прыдатнай” для эксперыментаў вядомага як “анёл смерці” доктара Ёзэфа Менгеля. У прыватнасці на ёй выпрабоўваліся прышчэпкі ад вірусаў, прызначаныя для нямецкіх салдат.

Пасля вызвалення лагера, у 1945 г., дзяўчынку прытуліла ў сябе польская сужэнская пара. Лічалася, што яе маці загінула. Праз 17 гадоў, аднак, Лідзія даведалася праз Чырвоны крыж, што яе маці і бацька жывыя і ўвесь час шукалі яе. У 1962 г. яны сустрэліся, але дзяўчына вырашыла застацца з прыёмнай сям’ёй у Кракаве.

У Італію з Польшчы Лідзія Максімовіч прыбыла па запрашэнні турынскай асацыяцыі La Memoria Viva, каб падзяліцца з моладдзю сваім сведчаннем, якое знайшло адлюстраванне ў дакументальным фільме італьянскага рэжысёра Эльза Мэрло 70072 Дзяўчына, якая не ўмела ненавідзець (70072 La bambina che non sapeva odiare).

Сустрэча Францішка з Лідзіяй Максімовіч
26 мая 2021, 16:03