Пошук

Vatican News
Францішак на адкрыцці новай штаб-кватэры Scholas Occurentes у Палацы св. Калікста Францішак на адкрыцці новай штаб-кватэры Scholas Occurentes у Палацы св. Калікста  (Vatican Media)

Францішак наведае сядзібу Scholas Occurentes

У чацвер, 20 мая 2021 г., Пантыфік наведае рымскую штаб-кватэру Папскага фонду Scholas Occurentes, якая знаходзіцца ў ватыканскім Палацы св. Калікста, у раёне Трастэвэрэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Плануецца сустрэча Францішка з маладымі людзьмі з розных рэгіёнаў Італіі, якія ўдзельнічалі ў першым этапе праграмы, прысвечанай псіхічнаму здароўю падчас пандэміі. Яны падзеляцца сваім досведам у прысутнасці, між іншым, Патрыцыа Б'янкі, Міністра адукацыі Італіі, які падтрымаў праграму, і прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя.

Святы Айцец таксама пагутарыць з ібера-амерыканскай моладдзю, якая распавядзе пра мадрыдскую сустрэчу аб сумесных марах на шляху да лепшай будучыні.

Акрамя таго, Папа спалучыцца праз інтэрнэт з навучэнцамі новых школ Фонду ў Сіднэі, Валенсіі і Вашынгтоне, а таксама з маладымі аргентынцамі з рэгіёна Эль Імпэнэтрабле на раўніне Гран-Чака, удзельнікамі новай праграмы прафілактыкі залежнасці.

Візіт Папы будзе прымеркаваны да адкрыцця Міжнароднай школы экалагічных лідараў, натхнёнай энцыклікамі Laudato si' і Fratelli tutti, і Школы палітычнай фармацыі.

Сустрэча завершыцца адкрытым дыялогам паміж Францішкам і прадстаўнікамі Фонду з пяці кантынентаў.

Scholas Occurrentes – гэта сусветная сетка навучальных устаноў пад патранажам Каталіцкага Касцёла, створаная для ўмацавання сувязей паміж усімі школамі свету. Місія Фонду – інтэграваць вучняў праз тэхналагічныя, спартыўныя і мастацкія ініцыятывы, якія падтрымліваюць выхаванне культуры сустрэчы, абменьвацца праектамі са школамі з меншай колькасцю рэсурсаў.

Першыя навучальныя ўстановы такога роду былі створаны пасля падпісання пагаднення вядомымі футбалістамі: аргентынцам Ліянэлем Месі і італьянцам Джанлуіджы Буфонам у штаб-кватэры Папскай акадэміі навук 13 жніўня 2013 г.

Папярэднікамі Scholas Occurentes былі праграмы Школы суседства і Сястрынскія школы, якія нарадзіліся з натхнення тагачаснага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса, кардынала Хорхэ Берголіа.

19 сакавіка 2014 г. Святы Пасад афіцыйна прызнаў Scholas Occurrentes прыватным фондам, які са жніўня 2015 г. знаходзіцца ў падпарадкаванні Кангрэгацыі па справах духавенства. Сетка ўключае больш за 400 тыс. навучальных устаноў у 190 краінах.
 

19 мая 2021, 11:53