Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец звярнуўся да Сусветнага банка і МВФ

Будаваць глабальную салідарнасць падчас выйсця з пандэміі, - заклікаў Папа ўдзельнікаў сустрэчы Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонда. Яна праходзіць 5-11 красавіка 2021 г. анлайн.

У дакуменце за подпісам кардынала Пітэра Тарксана, Пантыфік выказаў надзею на тое, што ўдзельнікі форума змогуць паспрыяць з’яўленню мадэлі пераадолення крызісу, якая будзе прадугледжваць падтрымку рэальнай эканомікі, дапамогу асобным людзям і грамадствам у рэалізацыі іх самых глыбокіх памкненняў і агульнага дабра.

“Канцэпцыя эканамічнага аднаўлення не можа зводзіцца да вяртання да няроўнай і няўстойлівай мадэлі эканамічнага і грамадскага жыцця, у якой невялікая меншасць насельніцтва свету валодае паловай яго багаццяў”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Францішак заклікаў развіваць новыя і крэатыўныя формы грамадскага, палітычнага і эканамічнага ўдзелу, быць уважлівымі да голасу бедных, мець давер у будаванні міжасабовых адносін, заснаваных на “культуры сустрэчы”, а таксама ўказаў на неабходнасць падтрымкі чалавечага развіцця ўсіх краін.

“Гэта азначае прадстаўленне больш бедным і менш развітым краінам магчымасці ўдзелу ў прыняцці рашэнняў і аблягчэння іх доступу на міжнародны рынак. Дух глабальнай салідарнасці таксама патрабуе значнага скарачэння даўгоў найбяднейшых краін, якія павялічыліся з-за пандэміі. Вызваленне вельмі многіх краін ад цяжару даўгоў – гэта глыбока чалавечы жэст, які сёння можа дапамагчы людзям развівацца, атрымліваць доступ да вакцыны, медыцынскіх паслуг, адукацыі і працы”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на праблему так званага “экалагічнага доўга”, які нясуць самыя багатыя краіны, што прыводзяць да пагаршэння стану навакольнага асяроддзя бедных краін і выкарыстоўваюць іх прыродныя рэсурсы.

Папа заклікаў фінансавы свет распрацаваць эфектыўныя механізмы для разліку гэтага экалагічнага доўга, каб развітыя краіны маглі выплаціць яго, не абмяжоўваючыся толькі скарачэннем выкарыстання неаднаўляльнай энергіі і дапамогай бедным краінам у рэалізацыі праграм устойлівага развіцця, але таксама пакрываючы кошты інавацый, неабходных для гэтай мэты.

Пантыфік нагадаў, што мэтай і задачай усяго эканамічнага жыцця павінна быць агульнае дабро. Таму прыхільнасць эканамічнай, фінансавай і сацыяльнай салідарнасці азначае “мысленне і дзеянне ў рамках супольнасці”. “Салідарнасць, у яе самым глыбокім сэнсе, гэта спосаб будавання гісторыі”, - падкрэсліў Францішак.

Святы Айцец заклікаў кіраўнікоў дзяржаў, прадпрыемстваў і міжнародных арганізацый праявіць салідарнасць у пытанні ўсеагульнага забеспячэння вакцынай ад каронавіруса. “Мы не можам дапусціць, каб закон рынку меў прыярытэт над законам любові і здароўя ўсіх людзей”, - напісаў ён.

На завяршэнне паслання Папа пажадаў, каб дыскусіі паміж Сусветным банкам і Міжнародным валютным фондам паспрыялі пошуку рашэнняў для больш інклюзіўнай і ўстойлівай будучыні. “Будучыні, у якой фінансы служаць агульнаму дабру, у цэнтры якога знаходзяцца самыя слабыя і маргіналізаваныя людзі, а Зямля, наш супольны дом, атулена клопатам”, - падкрэсліў Францішак.
 

08 красавіка 2021, 12:26