Пошук

Папа падчас св. Імшы ў касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія Папа падчас св. Імшы ў касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія 

Свята Божай Міласэрнасці: вязні, медыкі і бежанцы на Імшы з Папам

Папская рада па новай евангелізацыі паведаміла падрабязнасці пра ўдзельнікаў св. Імшы, якую Францішак будзе цэлебраваць 11 красавіка 2021 г. з нагоды Нядзелі Божай Міласэрнасці.

Літургія пройдзе ў рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія. Разам з Папам будуць маліцца маладыя бежанцы з Сірыі, Нігерыі і Егіпта, група вязняў з рымскіх турмаў Regina Coeli, Rebibbia і Casal del Marmo, законніцы з кангрэгацыі Шпітальных Сясцёр Міласэрнасці, некалькі санітарных работнікаў са шпіталя Санта-Спірыта, няпоўнаспраўныя асобы і сям'я мігрантаў з Аргентыны. 

Канцэлебраваць св. Імшу будуць некалькі Місіянераў міласэрнасці. Яны прадставяць больш за тысячу святароў, якім падчас Надзвычайнага Года Міласэрнасці, Пантыфік даручыў асаблівае заданне сведчыць аб міласэрнасці Пана ў розных частках свету праз удзяленне сакрамэнту споведзі і прапаведванне.

Паведамляецца, што міністрантамі будуць маладыя людзі з адной з парафій на ўскраіне Рыма, а літургічныя чытанні будуць давераны семінарысту. У сувязі з эпідэміялагічнымі абмежаваннямі ў св. Імшы прыме ўдзел не больш за 80 чалавек.

Памаліцца разам з Пантыфікам будзе магчыма дзякуючы відэатрансляцыі, арганізаванай ватыканскімі СМІ. Яна будзе весціся на партале Vatican News, на сайце рымскага санктуарыя Божай міласэрнасці www.divinamisericordia.it, а таксама на першым канале італьянскага дзяржаўнага тэлебачання RAI

Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу з нагоды Нядзелі Божай Міласэрнасці ў рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія ўжо ў другі раз. У 1994 г. па ініцыятыве св. Яна Паўла ІІ гэты храм стаў месцам культа Божай міласэрнасці ў Рымскай дыяцэзіі. Тут захоўваюцца кананізацыйныя рэліквіі св. Фаўстыны і абраз Езуса Міласэрнага, ахвяраваны гэтым Папам.
 

10 красавіка 2021, 10:43