Пошук

Vatican News
Прысяга навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі. Ілюстрацыйнае фота Прысяга навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Прысяга папскіх гвардзейцаў будзе трансліравацца анлайн

6 мая 2021 г. у Ватыкане адбудзецца ўрачыстая прысяга навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі. У сувязі з пандэміяй яна пройдзе без прысутнасці грамадскасці, але будзе трансліравацца ватыканскімі СМІ.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

34 рэкруты сёлета прысягнуць з вернасцю і гонарам служыць Пантыфіку, прысвячаючы гэтаму ўсе свае сілы і будучы гатовымі ахвяраваць жыццё дзеля яго абароны ў выпадку неабходнасці. 

Урачыстасці распачнуцца ў Ватыкане вечарам 5 мая. Спачатку навабранцы збяруцца на малітву Нешпараў у касцёле Санта-Марыя-Дэла-П’ета на Тэўтонскіх могілках. Затым, на плошчы Рымскіх протамучанікаў, пройдзе цырымонія ўскладання вянка ў памяць аб 147 гвардзейцах, якія загінулі ў 1527 г., абараняючы папу Клімента VII, і ўручэнне ўзнагародаў.

6 мая, члены корпуса Папскай швейцарскай гвардыі прымуць удзел у св. Імшы, якую ў базыліцы св. Пятра ўзначаліць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. Цырымонія складання прысягі распачнецца ў 17.15 па рымскім часе. Яна пройдзе ў Панадворку св. Дамаса, або ў выпадку непагадзі ў Зале Паўла VI.

З 34-х рэкрутаў 23 складуць прысягу на нямецкай мове, 2 – на італьянскай, 8 – на французскай і 1 – на рэтаранскай мове. Навабранцы будуць апрануты ва ўніформу, якая выкарыстоўваецца пры самых урачыстых падзеях, такіх як папскае благаслаўленне Urbi et Orbi з нагоды Божага Нараджэння і Вялікадня. Прымаць прысягу будзе арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара, Субстытут па агульных справах.

Згодна з мерамі бяспекі, звязанымі з пандэміяй, у цырымоніі змогуць прыняць удзел толькі бацькі і бліжэйшыя сваякі гвардзейцаў, прадстаўнікі Швейцарскай канферэнцыі, арміі краіны, мясцовай біскупскай канферэнцыі і Фонду Папскай швейцарскай гвардыі.
 

30 красавіка 2021, 11:24