Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа ўдзеліць прэзбітэрскае пасвячэнне дзевяці дыяканам

Францішак удзеліць прэзбітэрскае пасвячэнне дзевяці дыяканам Рымскай дыяцэзіі. Урачысты абрад пройдзе 25 красавіка 2021 г. падчас св. Імшы ў ватыканскай базыліцы.

Сакрамэнт пасвячэння ў Нядзелю Добрага Пастыра і Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях атрымаюць дыяканы з розных краін: Італіі, Румыніі, Албаніі, Калумбіі і Бразіліі. Усе яны праходзілі святарскую фармацыю ў духоўных семінарыях і калегіумах Рымскай дыяцэзіі: шасцёра вучыліся ў Папскай рымскай вышэйшай семінарыі, двое – у Дыяцэзіяльным неакатэхуменальным калегіуме Redemptoris Mater, адзін – у Семінарыі Багародзіцы Боскай Любові. У цяперашні час дыяканы праходзяць духоўныя практыкаванні.

Кожны з будучых святароў мае сваю, выключную гісторыю паклікання. Адзін з маленства натхняўся прыкладам св. Яна Боска, марачы аб душпастырскай працы з моладдзю, другі – меў досвед супрацоўніцтва з дыяцэзіяльным Caritas і цяпер прагне спалучыць клопат аб збаўленні душ з дапамогай самым бедным. Сярод будучых неапрэзбітэраў ёсць былы кінарэжысёр і перспектыўны футбаліст – 28-гадовы Самуэль П’ермарыні, які, знаходзячыся ў адным кроку ад падпісання кантракту з італьянскай Ромай, прыняў рашэнне прысвяціць жыццё служэнню Богу і людзям.
 

20 красавіка 2021, 12:33