Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: гібель мігрантаў у моры – наша ганьба

Францішак заклікаў маліцца за мігрантаў, якія гінуць у марскіх хвалях, за насельніцтва Сент-Вінсента, якое церпіць ад вывяржэння вулкана Суфрыер, і за ахвяр пажару ў Багдадзе.

Пасля малітвы Уладарка Неба, якая 25 красавіка 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Папа звярнуў увагу на сітуацыю з гібеллю 130 мігрантаў у водах Міжземнага мора некалькі дзён таму. Пантыфік заўважыў, што яны два дні прасілі аб дапамозе, якая так і не прыбыла. Францішак назваў сітуацыю ганебнай.

“Молімся за гэтых нашых братоў і сясцёр, за шматлікіх людзей, якія надалей гінуць падчас такіх трагічных падарожжаў. Молімся таксама за людзей, якія могуць ім дапамагчы, але аддаюць перавагу таму, каб адвярнуць позірк у іншы бок”, - сказаў Святы Айцец.

Папа выказаў блізкасць насельніцтву астраўной карыбскай дзяржавы Сент-Вінсент, якое пакутуе ад вывяржэння вулкана. Пантыфік скіраваў свае думкі таксама да насельніцтва Іраку, дзе падчас пажару ў бальніцы ў Багдадзе загінулі па меншай меры 80 чалавек. Ён заклікаў маліцца за людзей, якія пацярпелі ў выніку трагедыі.
 

25 красавіка 2021, 13:29