Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: калектыўны імунітэт прынясе карысць усім

Існуе неабходнасць у распрацоўцы такой мадэлі адбудовы, якая прапануе “новыя, больш інклюзіўныя і ўстойлівыя рашэнні, накіраваныя на паўсюднае агульнае дабро, - лічыць Пантыфік.

Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў ХХVII Ібера-амерыканскага саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, які 20-21 красавіка 2021 г. прайшоў у Андоры.

Папа спаслаўся на эпідэмічную сітуацыю ў свеце, падкрэсліваючы, што яна патрабуе велізарных высілкаў з боку кожнай краіны і грамадства. Ён заклікаў міжнародную супольнасць да адказнасці і аб’яднання ў духу братэрства для супрацьстаяння шматлікім сучасным і будучым выклікам.

Францішак выказаў удзячнасць медыцынскім і санітарным работнікам, капеланам і валанцёрам, якія не толькі лячылі хворых з рызыкай для свайго жыцця, але і атулялі іх цеплынёй і клопатам.

“Высока ацэньваючы намаганні па хуткім пошуку эфектыўнай вакцыны супраць COVID-19, хацеў бы паўтарыць, што калектыўны імунітэт належыць разглядаць як “паўсюднае агульнае дабро”, якое патрабуе канкрэтных дзеянняў, здольных натхняць увесь працэс даследаванняў, вытворчасці і размеркавання вакцыны”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў да садзейнічання развіццю “новых формаў салідарнасці на міжнародным узроўні” і прасоўвання механізмаў, “якія маюць на мэце забеспячэнне справядлівага размеркавання вакцыны, не на аснове выключна эканамічных крытэрыяў, а з улікам патрэб усіх, асабліва самых уразлівых і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”.

Існуе тэрміновая неабходнасць у распрацоўцы такой мадэлі адбудовы, якая прапануе “новыя, больш інклюзіўныя і ўстойлівыя рашэнні, накіраваныя на паўсюднае агульнае дабро, спаўняючы абяцанне Бога для ўсіх людзей”, - перакананы Францішак.

Святы Айцец чарговы раз звярнуў увагу на неабходнасць даравання даўгоў бедных краін, што можа дапамагчы ў іх развіцці і паляпшэнні сітуацыі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і занятасці. Гэты жэст павінен суправаджацца рэалізацыяй разумнай эканамічнай палітыкі і належным кіраваннем, з увагай да праблем бедных.

Папа заклікаў да большай салідарнасці і выкарыстання фінансавых рэсурсаў на карысць эканамічнага і вытворчага развіцця, што дазволіць дзяржавам выйсці з актуальнай сітуацыі з максімальнымі шанцамі на адбудову. Ён падкрэсліў, што бедныя не могуць плаціць самую вялікую цану ў выпадку праблем, якія датычацца ўсёй чалавечай сям’і.
 

22 красавіка 2021, 10:47