Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Малады Хорхэ Бэрголіа практыкаваў начную адарацыю

Малады Хорхэ Марыё Бэрголіа практыкаваў начную эўхарыстычную адарацыю. Для гэтага ён адмыслова ездзіў са свайго перыферыйнага раёна Флорэс у базыліку Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цэнтр Буэнас-Айрэса.

Гэта пацвердзіў сам Пантыфік у лісце, напісаным уласнаручна, да рэдакцыі іспанскага каталіцкага штотыднёвіка Alfa y Omega, ад якой атрымаў фотакопію спісу асоб, якія прымалі ўдзел у адарацыі ў 1954-1955 гадах. У брацтве начной адарацыі Хорхэ Марыё Бэрголіа меў нумар удзельніка 9195. Ён праводзіў на малітве ў базыліцы суботнія ночы, адпачываючы ў пакоі на першым паверсе, дзе знаходзілася зала з месцамі для сну. Будучы Пантыфік ездзіў на адарыцыю разам з братам Оскарам і адным з суседаў Ганзала Баргела.

“Адарацыя распачыналася каля дзявятай вечарам пасля казання айца Арысты”, – успамінае Францішак у сваім лісце. Іспанскі духоўнік айцец Хасэ Рамон Арысты быў спаведніком маладога Бэрголіа і адначасова правінцыялам Кангрэгацыі Айцоў Найсвяцейгага Сакрамэнту, заснаванай святым Юліянам Эймарам.

Папа ўзгадваў пра яго ў 2014 годзе падчас сустрэчы з духавенствам Рыма як пра славутага ў Буэнас-Айрэсе спаведніка, да канфесіяналу якога ўвесь час стаялі чэргі. Калі ён памёр ў 1996 годзе, Бэрголіа, ужо будучы дапаможным біскупам у Буэнас-Айрэсе, адарваў на памяць крыжык з ружанца, які быў у далонях памерлага ў труне. Біскуп Бэрголіа паглядзеў тады на цела а. Арысты і сказаў: “Дай мне палову тваёй міласэрнасці”. “Я адчуў штосьці, што дало мне адвагу гэта зрабіць. А потым я паклаў гэты крыжык у кішэню”, – прызнаўся Францішак, дадаўшы, што “шмат добрага робіць прыклад міласэрнага святара, які набліжаецца да ран” людзей.

Сведкам здарэння пры труне а. Арысты быў яго сабрат а. Андрэс Таборда SI, які памятае, як патлумачыўся тады біскуп Бэрголіа: “Гэтым ружанцам у далоні ён адпусціў грахі вялікаму мноству грэшнікаў”.

Начная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту трывае ў гэтай базыліцы ад 1917 года.
 

09 красавіка 2021, 08:59