Пошук

Vatican News
Св. Тэрэза Авільская Св. Тэрэза Авільская 

Францішак: наша эпоха патрабуе верных сяброў Бога

Папа скіраваў відэапасланне з нагоды Міжнароднага кангрэсу “Выключная жанчына”, прысвечанага св. Тэрэзе Авільскай. Форум прайшоў з нагоды 50-годдзя абвяшчэння яе Доктарам Касцёла.

Пантыфік заўважыў, што запал, творчасць і дасканаласць св. Тэрэзы, як рэфарматара, былі плёнам яе духоўнай еднасці з Панам. На думку, Францішка наша эпоху падобна на тую, калі жыла святая.

“Як тады, таксама і сёння, мы, хрысціяне, пакліканы рабіць так, каб праз нас, моц Святога Духа працягвала абнаўляць аблічча зямлі, з упэўненасцю, што менавіта святыя дазваляюць свету набліжацца да яго апошняй мэты”, - падкрэсліў ён.

Папа нагадаў, што святасць спрыяе “больш чалавечаму ладу жыцця”. Яна з’яўляецца пакліканнем не толькі для “спецыялістам у боскасці”, але ўсіх вернікаў. Акрамя таго, святасць заўсёды разнастайная, бо кожны чалавек пакліканы прайсці свой шлях.

“Святыя стымулююць і матывуюць нас, але мы не павінны паўтараць усё за імі літаральна, святасць – не для таго, каб яе капіраваць, “бо гэта таксама можа адвесці нас далёка ад адзінага і адметнага шляху, які Пан мае для кожнага з нас”. Важна, каб кожны вернік распазнаваў уласны шлях. Кожны з нас мае свой шлях святасці, сустрэчы з Панам”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік зазначыў, што знакам еднасці з Богам, якая ўмацоўваецца праз малітву, з’яўляюцца канкрэтныя справы. Яна прадугледжвае асабістае перамяненне, бо, адкрываючыся на Святога Духа, мы становімся “больш пакорнымі, больш уважлівымі да патрэбаў нашых братоў, лепшымі дзецьмі святога Божага народа”. Гэты шлях, аднак, не адкрыты для тых, якія лічаць сябе чыстымі і дасканалымі, але для людзей, якія ўсведамляюць уласныя грахі, адкрываюць прыгажосць Бога, які прымае ўсіх і кліча да сяброўства з сабой.

Францішак падкрэсліў, што наша эпоха патрабуе “верных сяброў Бога”, якія не будуць паддавацца роспачы і бясплённаму песімізму, які няздольны дарыць жыццё і замыкае людзей у рамках уласных задумаў.

Папа заклікаў па прыкладзе св. Тэрэзы Авільскай станавіцца людзьмі малітвы, якая дазваляе адчуць веліч, дабрыню і любоў Бога, што неабходна, каб без страху хадзіць па цёмных сцежках жыцця.
 

16 красавіка 2021, 15:55