Пошук

Vatican News
Папа падчас св. Імшы ў касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія Папа падчас св. Імшы ў касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія  (Vatican Media)

Францішак будзе маліцца ў рымскім санктуарыі Божай Міласэрнасці

У Нядзелю Божай Міласэрнасці, якая будзе адзначацца 11 красавіка 2021 г., Францішак узначаліць урачыстую св. Імшу ў рымскім касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія.

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што цэлебрацыя пройдзе ў прыватнай форме. На заканчэнне літургіі Папа правядзе малітву Уладарка Неба. Вернікі змогуць памаліцца разам са ім дзякуючы прамой тэлевізійнай трансляцыі на ватыканскіх СМІ.

Касцёл Санта-Спірыта-ін-Сасія прысвечаны асабліваму ўшанаванню Божай міласэрнасці. У храме, які знаходзіцца недалёка ад плошчы св. Пятра, захоўваюцца рэліквіі св. Фаўстыны і абраз Езуса Міласэрнага, ахвяраваны св. Янам Паўлам ІІ. Менавіта па яго ініцыятыве ў 1994 г. святыня стала месцам папулярызацыі паслання аб Божай міласэрнасці сярод вернікаў Рымскай дыяцэзіі і пілігрымаў. Тут працуюць законніцы з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці.

Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу ў касцёле Санта-Спірыта-ін-Сасія ўжо ў другі раз. У Нядзелю Божай Міласэрнасці ў мінулым годзе, па прычыне пандэміі каронавіруса, ён таксама маліўся ў гэтым месцы.
 

08 красавіка 2021, 14:38