Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Будучы папа Францішак нёс служэнне ў турмах Буэнас-Айрэса

Будучы папа Францішак часта наведваў зняволеных у Буэнас-Айрэсе, - успамінае Галіна Ружанска, якая шмат гадоў дапамагае зняволеным: сустракаецца з імі, слухае іх гісторыі і вучыць маліцца.

Валанцёрка ўзгадала, што айцец Берголіа, як звычайны святар, а потым біскуп і кардынал, сустракаўся з асуджанымі за цяжкія злачынствы і хворымі на СНІД. “Ён сядзеў побач з імі, размаўляў і спавядаў тых, хто гэтага хацеў. Дзякуючы яму шмат хто з іх прыйшоў або вярнуўся да Бога. Як кіраўнік Касцёла, ён па-ранейшаму праяўляе блізкасць да ўсіх бедных свету, таму я лічу яго адным з найвялікшых Пантыфікаў”, - сказала спадарыня Ружанска ў інтэрв’ю Vatican News.

Яна перакананая, што нашым стаўленнем да зняволеных могуць быць толькі любоў і міласэрнасць. “Большасць з іх ніколі не любілі, і гэта галоўная прычына іх сапсаванага жыцця і памылак. Таму, беручы прыклад з айца Берголіа, я імкнуся наблізіць іх да малітвы, бо гэта сустрэча з жывой любоўю. Толькі дзякуючы любові і блізкасці мы можам разлічваць на пэўны поспех у адносінах з імі”, - сказала валанцёрка.

Галіна Ружанска нарадзілася ў Львове ў 1943 г. Пасля Другой сусветнай вайны разам з бацькамі эмігравала ў Аргентыну. Калі ёй было 8 гадоў, яна даведалася пра смерць сваёй бабулі, ахвяры камуністычнага рэжыму, якая памерла ў Сібіры ад знясілення. З гэтага часу Галіна вырашыла прысвяціць сваё жыццё дапамозе зняволеным. Яна працягвае служэнне ў турмах Буэнас-Айрэса і па гэты дзень.
 

12 красавіка 2021, 12:25