Пошук

Папа Францішак і Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла Папа Францішак і Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла 

Восем гадоў пантыфікату Францішка: віншаванне Прэзідэнта Італіі

Прэзідэнт Італіі выказаў упэўненасць у тым, што шматлікія плёны нястомнага сведчання Папы з’яўляюцца для людзей добрай волі крыніцай падтрымкі і суцяшэння.

19 сакавіка 2021 г. Серджа Матарэла скіраваў віншавальнае пасланне да папы Францішка з нагоды восьмай гадавіны афіцыйнага пачатку яго служэння на Пасадзе св. Пятра.

Палітык заўважыў, што пандэмія цяжка ўдарыла па вялікай колькасці людзей ва ўсім свеце і паказала ўразлівасць асобных краін і ўсёй міжнароднай супольнасці ў пытанні справядлівага і эфектыўнага вырашэння надзвычайнай сітуацыі.

“Працаваць у духу братэрства на карысць пераадолення складаных абставін сённяшняга дня, да чаго Вы заклікаеце, гэта моцны імпульс да ажыццяўлення адказнай грамадзянскай пазіцыі і надзейны кірунак для тых, хто займае дзяржаўныя і палітычныя пасады”, - падкрэсліў Матарэла.

Паводле Прэзідэнта, заклік Папы да братэрства выходзіць за рамкі выключна эпідэмічнай сітуацыі і цяжкіх сацыяльных праблем, з ёй звязаных, і “адкрывае розум і сэрца на больш мірнае, квітнеючае, справядлівае суіснаванне”, якога Пантыфік жадаў Іраку і ўсяму свету “падчас свайго апошняга і найважнейшага Апостальскага падарожжа”.

Віншуючы Францішка з восьмай гадавінай афіцыйнага пачатку папскага служэння і пасхальнымі святамі, Серджа Матарэла падзякаваў яму за асаблівы клопат і шчырую любоў да італьянскага народа.
 

19 сакавіка 2021, 11:00