Пошук

Vatican News
Эмануэль Макрон у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Эмануэль Макрон у Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Тэлефонная размова Пантыфіка і Прэзідэнта Францыі

У чацвёрты раз з пачатку свайго пяцігадовага прэзідэнцтва Эмануэль Макрон размаўляў з Францішкам. Тэлефонная размова адбылася 21 сакавіка 2021 г. каля 17.00 і працягвалася каля сарака хвілін.

Раней Прэзідэнт Францыі размаўляў з Пантыфікам па тэлефоне 30 кастрычніка 2020 г., на наступны дзень пасля нападу на катэдру ў Ніцы, у выніку якога загінулі тры чалавекі.

Падчас размовы, якая адбылася на просьбу Папы, палітык скарыстаўся магчымасцю павіншаваць Святога Айца з нядаўняй паездкай у Ірак, назваўшы яе сапраўдным паваротным пунктам для Блізкага Усходу. Пантыфік і Прэзідэнт таксама падзяліліся сваімі думкамі і занепакоенасцю з прычыны некаторых крызісных сітуацый, якія дэстабілізуюць многія рэгіёны свету. У прыватнасці, яны згадалі пашырэнне джыхадызму ў Афрыцы як у Сахеле, так і на ўсходнім узбярэжжы кантынента; сітуацыю ў Ліване і нестабільнасць у рэгіёне ў цэлым. Акрамя згаданых вышэй геапалітычных пытанняў, размова тычылася і праблем свету пасля пандэміі COVID-19.

Таксама гаворка ішла пра магчымасць папскай паездкі ў Францыю і другога візіту Эмануэля Макрона ў Ватыкан.
 

22 сакавіка 2021, 14:42