Пошук

Vatican News
Папа Францішак падчас сустрэчы з Вярхоўным Аяталой Аль-Сістані Папа Францішак падчас сустрэчы з Вярхоўным Аяталой Аль-Сістані 

Святы Айцец сустрэўся з Вярхоўным Аяталой Аль-Сістані

Раніцай 6 сакавіка 2021 г. Францішак адправіўся з Багдада ў святы для іракскіх шыітаў горад Наджаф, дзе сустрэўся з іх духоўным лідарам, Вярхоўным Аяталой Саідам Алі Эль-Хусаймі Аль-Сістані.

Візіт працягваўся каля 45 хвілін. Ён праходзіў у рэзідэнцыі Вярхоўнага Аяталы на тэрыторыі мячэці імама Алі. Гэта месца лічыцца трэцім па важнасці для шыітаў пасля мячэцяў у Мецы і Медзіне. Уздоўж маршрута ад аэрапорта да месца сустрэчы Пантыфіка віталі нешматлікія мясцовыя жыхары з ватыканскімі і іракскімі сцягамі.

Падчас размовы Святы Айцец падкрэсліў важнасць супрацоўніцтва і сяброўства паміж рэлігійнымі супольнасцямі, што можа паспрыяць развіццю ўзаемнай павагі і дыялогу ў Іраку, рэгіёне і на планеце, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы.

“Для Папы сустрэча стала нагодай, каб падзякаваць Вярхоўнаму Аятале Аль-Сістані за тое, што перад абліччам насілля і вялікіх цяжкасцей мінулых гадоў ён разам з шыіцкай супольнасцю выступаў у абарону самых слабых і прыгнечаных, пацвярджаючы святасць чалавечага жыцця і важнасць адзінства іракскага народа”, - сказаў Матэа Бруні.

Развітваючыся з Аль-Сістані, Францішак запэўніў у малітве аб мірнай і братэрскай будучыні для ўмілаванай іракскай зямлі, Блізкага Усходу і ўсяго свету.

Пасля сустрэчы Святы Айцец адправіўся на самалёце ў горад Насірыя, адкуль накіраваўся на радзіму Абрагама – старажытны горад Ур Халдэйскі, каб прыняць удзел у сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігій, прысутных у Іраку.
 

06 сакавіка 2021, 10:03