Пошук

Vatican News
Папа Францішак перад вылетам у Багдад Папа Францішак перад вылетам у Багдад  (AFP or licensors)

Святы Айцец распачаў падарожжа ў Ірак

Францішак распачаў сваё XXXIII Апостальскае падарожжа. З 5 па 8 сакавіка 2021 г. ён наведае Ірак. Дагэтуль ніводны Папа не ступаў на зямлю гэтай блізкаўсходняй краіны.

Многія каментатары называюць пілігрымку ў Ірак самым важным падарожжам Францішка. Яно стане першым пасля пачатку пандэміі. У 1999 г. гэту краіну планаваў наведаць св. Ян Павел ІІ, але па прычыне ўнутраных канфліктаў візіт застаўся нерэалізаваным. Цяпер туды накіроўваецца Францішак, несучы Евангелле, словы любові і падтрымкі народу, спакутаванаму ад насілля і нестабільнасці.

За дзень да падарожжа Папа ўчыніў традыцыйны жэст: ён прыватна наведаў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве даверыў сваю пілігрымку апецы Маці Божай. Перад тым як адправіцца ў рымскім аэрапорт Fiumicino Пантыфік сустрэўся ля сваёй рэзідэнцыі з групай мігрантаў з Іраку, якія знайшлі прытулак у Італіі.

У 7.45 па цэнтральнаеўрапейскім часе самалёт Airbus A330 італьянскай авіякампаніі Alitalia са Святым Айцом на борце вылецеў у кірунку Багдаду. Маршрут у 2947 км ён пераадолее за чатыры з паловай гадзіны. Самалёт праляціць у паветранай прасторы Італіі, Грэцыі, Кіпру, Палестыны, Ізраіля, Іарданіі і Іраку.

Па традыцыі Францішак скіраваў да кіраўнікоў гэтых дзяржаў (за выключэннем Іраку) прывітальныя тэлеграмы, у якіх запэўніў у малітве за ўсіх грамадзян і пажадаў міру і росквіту. Іракскіх лідараў ён прывітае асабіста.

У рамках трохдзённай пілігрымкі Пантыфік наведае Багдад, Наджаф, Ур, Эрбіл, Масул, Каракаш. Запланаваны яго сустрэчы з палітычным кіраўніцтвам краіны, каталіцкім епіскапатам і духавенствам, Вярхоўным Аяталой Саідам Алі Эль-Хусаймі Аль-Сістані, лідарамі рэлігій, прысутных у Іраку, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і іракскімі вернікамі. Папа ўзначаліць дзве ўрачыстыя св. Імшы і малітву за ахвяр вайны.
 

05 сакавіка 2021, 08:37