Пошук

Vatican News
Папа Францішак падчас сустрэчы ў іракскім істэблішментам Папа Францішак падчас сустрэчы ў іракскім істэблішментам  (AFP or licensors)

Папа ў Іраку: ніхто не павінен быць грамадзянінам другога гатунку

Ірак пакліканы паказаць усім, што адметнасці не павінны станавіцца прычынай канфліктаў, - нагадаў Папа прадстаўнікам уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса ў Багдадзе.

Сустрэча адбылася 5 сакавіка 2021 г. у Прэзідэнцкім палацы ў сталіцы Іраку. Пантыфік падзякаваў за магчымасць прыбыць на зямлю, якая праз постаць Абрагама і шматлікіх прарокаў, звязана з гісторыяй збаўлення і вялікімі рэлігійнымі традыцыямі юдаізму, хрысціянства і ісламу.

Папа нагадаў, што сапраўдныя рэлігійныя вучэнні заклікаюць заставацца вернымі каштоўнасцям міру, узаемнага пазнання, чалавечага братэрства і сумеснага існавання. Спасылаючыся на крызіс, выкліканы пандэміяй, ён заклікаў аб’яднаць намаганні для яго пераадолення, а таксама забяспечыць справядлівае размеркаванне вакцыны. Акрамя таго, крызіс з’яўляецца заклікам “пераасэнсаваць наш лад жыцця” і “сэнс нашага існавання”.

“Гаворка ідзе пра тое, каб выйсці з гэтага перыяду выпрабаванняў лепшымі, чым мы былі раней; будаваць будучыню на тым, што нас яднае, а не на тым, што раздзяляе”, - сказаў Святы Айцец.

Узгадваючы пра шматлікія войны, канфлікты і тэрарызм у Іраку, Францішак заўважыў, што часта ў іх аснове ляжыць фундаменталізм, якому ўласціва непрыняцце рэлігійных, культурных і этнічных адметнасцей. “Сёння Ірак пакліканы паказаць усім, асабліва на Блізкім Усходзе, што адметнасці, замест таго, каб станавіцца прычынай канфліктаў, павінны гарманічна ўзаемадзейнічаць у грамадскім жыцці”, - падкрэсліў ён.

Папа заўважыў, што братэрскае суіснаванне патрабуе “цярплівага і шчырага дыялогу”, справядлівасці і павагі да правоў. У першую чаргу ён заклікаў гарантаваць прызнанне, правы і абарону рэлігійным супольнасцям.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць салідарнасці паміж грамадзянамі краіны, “асабліва ў адносінах да тых, хто з прычыны насілля, пераследу і тэрарызму згубіў сваіх блізкіх, дом і рэчы першай неабходнасці”. Ён заклікаў ствараць магчымасці для працы, атрымання адукацыі і клапаціцца аб экалогіі.

Папа нагадаў пра пакліканне палітыкаў “спрыяць духу салідарнага братэрства”, змагацца з карупцыяй, злоўжываннямі ўладай і парушэннямі закону, а таксама ўмацоўваць справядлівасць, сумленнасць, празрыстасць, развіццё і стабільнасць, каб даць моладзі “надзею на лепшую будучыню”.

Францішак нагадаў, што прыбыў у Ірак як пілігрым міру. Ён заклікаў пакласці канец войнам, насіллю, экстрэмізму, падзелам і нецярпімасці, будаваць краіну на аснове дыялогу, прымірэння, агульнага дабра. Папа падтрымаў імкненне закласці асновы дэмакратычнага грамадства ў Іраку.

“У гэтым сэнсе неабходна забяспечыць удзел усім палітычным, сацыяльны і рэлігійным групам, а таксама гарантаваць фундаментальныя правы ўсіх грамадзян. Ніхто не павінен лічыцца грамадзянінам другога гатунку. Падтрымліваю крокі, якія былі зроблены на гэтым шляху, і спадзяюся, што ўмацуюцца спакой і згода”, - сказаў Святы Айцец.

Папа заклікаў міжнародную супольнасць падтрымаць мірны працэс у Іраку і на ўсім Блізкім Усходзе, аказаць неабходную дапамогу, не навязваючы ім палітычных ці ідэалагічных інтарэсаў, а таксама запэўніў у падтрымцы з боку Каталіцкага Касцёла і мясцовай каталіцкай супольнасці.

“Іх удзел удзел у публічным жыцці, у якасці грамадзян, якія напоўніцу карыстаюцца правамі, свабодамі і адказнасцю, будзе сведчыць пра здаровы рэлігійны, этнічны і культурны плюралізм, які можа паспрыяць росквіту і гармоніі ў краіне”, - сцвердзіў Пантыфік.
 

05 сакавіка 2021, 14:58