Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік у Іраку: сіла і мудрасць Бога ў міласэрнасці і прабачэнні

Кульмінацыйнай падзеяй падарожжа Святога Айца ў Ірак стала Эўхарыстыя на стадыёне імя Франса Харыры ў Эрбіле. Яна прайшла ў другой палове дня 7 сакавіка 2021 г.

У гаміліі Папа нагадаў іракскім вернікам, што ў ранах Хрыста “мы атрымліваем алей Яго міласэрнай любові, бо Ён – Добры самаранін чалавецтва, які жадае намасціць кожную рану, аздаравіць кожны балючы ўспамін, натхніць на мірную і братэрскую будучыню на гэтай зямлі”.

Францішак заўважыў, што Бог аб’явіў сваю сілу і мудрасць у міласэрнасці і прабачэнні, у Сваёй смерці на крыжы, у Сваёй вернасці Айцу. Гэтай сілы і мудрасці, якая аб’явілася крыжы, патрабуем мы ўсе.

“Тут, у Іраку, многія носяць раны вайны і насілля і можа ўзнікнуць спакуса адказаць на іх чалавечай сілай і чалавечай мудрасцю. Але Езус указвае нам Божы шлях, той, які прайшоў Ён Сам і па якім заклікае нас ісці за Ім”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пры выгнанне Езусам гандляроў і мянялаў з ерузалемскай святыні Францішак заўважыў, што Ён ачышчае не толькі святыню з камня, але ў першую чаргу святыню нашага сэрца.

“Мы павінны трымаць свае сэрцы чыстымі ад хлусні, двайных стандартаў крывадушнасці, да чаго схільныя ўсе”, - сказаў Пантыфік. Ён нагадаў, што для таго, каб ачысціць сэрца, нам патрэбны Езус: Ён мае сілу аздаравіць нашы духоўныя і фізічныя немачы, аднавіць святыню нашага сэрца”, - дадаў ён.

Святы Айцец заўважыў, што Касцёл у Іраку рабіў і працягвае рабіць шмат, каб абвяшчаць цудоўную мудрасць крыжа, распаўсюджваючы міласэрнасць Хрыста і прабачэння, асабліва сярод, тых, хто знаходзіцца ў нястачы. Нават ва ўмовах велізарнай беднасці і цяжкасцей, аказвае дапамагу патрабуючым.

“Гэта адна з прычын, якая падштурхнула мяне прыехаць у пілігрымку да вас, каб падзякаваць вам і ўмацаваць вас у веры і сведчанні. Сёння я маю магчымасць убачыць і адчуць, што Касцёл у Іраку жывы, што Хрыстус жывы і дзейнічае ў Сваім святым і верным народзе”, - завяршыў гамілію Пантыфік.

Пасля св. Імшы Францішак скіраваў словы прывітання і ўдзячнасці ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы яго візіту. Папа запэўніў, што Ірак назаўсёды застанецца ў яго сэрцы, а таксама заклікаў вернікаў гэтай краіны разам працаваць на карысць будучыні міру і росквіту.
 

07 сакавіка 2021, 16:05