Пошук

Папа Францішак падчас св. Імшы ў багдадскай катэдры Папа Францішак падчас св. Імшы ў багдадскай катэдры 

Пантыфік нагадаў іракскім вернікаў пра пераможную сілу крыжа

Жыццё евангельскімі благаслаўленнямі не патрабуе надзвычайных здольнасцей, але штодзённага сведчання, пакоры, міласэрнасці і любові Езуса, - нагадаў Францішак іракскім вернікам.

Вечарам 6 сакавіка 2021 г. Папа ўзначаліў св. Імшу ў багдадскай катэдры св. Юзафа. У гаміліі ён заклікаў да мудрасці, сведчання і даверу да Божых абяцанняў.

Францішак нагадаў, што пошук мудрасці заўсёды прываблівае чалавека, аднак вельмі часта веды застаюцца недаступнымі для бедных людзей. Свет аддае перавагу багатым, Бог жа, наадварот: Езус кажа, што будуць шчаслівымі ўбогія духам, засмучаныя, тыя, каго пераследуюць.

“Прапанова Хрыста мудрая, бо любоў, якая з’яўляецца душой благаслаўленняў, нават калі здаецца слабай у вачах свету, на самой справе перамагае. На крыжы яна аказалася мацнейшай за грэх, а ў магіле перамагла смерць. Гэта тая самая любоў, якая зрабіла мучанікаў пераможцамі падчас выпрабаванняў. А колькі іх было на працягу апошняга стагоддзя, больш чым у папярэднія! Любоў – наша сіла, сіла шматлікіх братоў і сясцёр, якія таксама і тут сутыкнуліся з забабонамі і абразамі, зневажаннем і пераследам за імя Езуса”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што жыццё евангельскімі благаслаўленнямі не патрабуе надзвычайных здольнасцей, але штодзённага сведчання, жыцця ў пакоры, міласэрнасці, любові Езуса.

Папа нагадаў словы апостала Паўла: “любоў доўгацярплівая”. Чалавек, які любіць, “не замыкаецца ў сабе, калі справы ідуць кепска, але адказвае на зло дабром, памятаючы пра пераможную мудрасць крыжа”.

“Бог робіць шчаслівымі тых, хто да канца праходзіць шлях сваёй духоўнай убогасці. Вось дарога, і іншай няма”, - сказаў Францішак. Ён падкрэсліў, што часам у вернікаў можа ўзнікаць пачуццё ўласнай няздольнасці і бескарыснасці, але важна памятаць, што “Бог прагне рабіць цуды менавіта праз нашы слабасці”.

Пантыфік заклікаў іракскіх вернікаў прытрымлівацца евангельскіх благаслаўленняў, давяраючы абяцанням Бога. Ён завяршыў гамілію малітвай падзякі за шматлікіх сведак, “часта забытых у выпусках навін, але каштоўных у вачах Бога”, якія, жывучы благаслаўленнямі, дапамагаюць Богу споўніць Яго абяцанні міру”.
 

06 сакавіка 2021, 17:00