Пошук

Падчас аўдыенцыі з маладымі грамадскімі і экалагічнымі актывістамі з Францыі Падчас аўдыенцыі з маладымі грамадскімі і экалагічнымі актывістамі з Францыі 

Пантыфік да моладзі: вы павінны страсянуць істэблішмент

Вы маладыя, і гэта вы можаце ўнесці змены, бо разумееце, што гэта такое. У вас няма досведу, і гэта ваша перавага, бо прымушае быць творчымі, - сказаў Папа маладым грамадскім і экалагічным актывістам з Францыі.

Францішак заахвоціў іх да экалагічных і эканамічных пераўтварэнняў, пра якія ідзе гаворка ў энцыкліцы Laudato si'.

Маладыя французы распавялі Vatican News пра ход размовы з Пантыфікам. Яны прызналіся, што былі здзіўлены, наколькі ён разлічвае на маладых у працэсе перамен.

“Папа вельмі ўважліва слухаў тое, што мы казалі пра экалагічны і сацыяльны крызіс. Мы звярнулі ўвагу, што прадстаўнічыя дэмакратыі з вялікімі цяжкасцямі распазнаюць сітуацыю і з складанасцямі прымаюць неабходныя меры. Мы былі ўражаны тым, што сказаў Францішак, бо гэта супала з нашымі высновамі”, - прызнаўся Сірыл Дыён з французскай Грамадзянскай канвенцыі.

Грамадскі дзеяч прывёў прыклад, што ў выпадку з светам фінансаў, які паралізуе дзейнасць дзяржаўных устаноў, ствараецца своеасаблівая дымавая заслона, што не дазваляе даць правільную ацэнку сітуацыі і прыняць правільныя рашэнні па абароне чалавецтва і навакольнага асяроддзя.

Папа падкрэсліў, што змены могуць адбыцца дзякуючы супрацоўніцтву маладога і старэйшага пакаленняў. “Вы павінны страсянуць істэблішмент, вы павінны прымусіць яго змяніцца”, - цытуе Дыён словы Пантыфіка, які настойвае на тым, што Laudato si' з'яўляецца не толькі экалагічнай, але і сацыяльнай энцыклікай.

Падчас сустрэчы з маладымі актывістамі з Францыі Францішак таксама расказаў пра ўмовы гарманічнага суіснавання. Свецкасць, паводле яго слоў, не тое ж, што секулярызм. Дзяржава павінна быць свецкай, бо рэлігійныя дзяржавы зрабілі шмат зла, але секулярызм не павінен станавіцца рэлігіяй.

Святы Айцец казаў таксама пра неабходнасць прызнання трансцэндэнтнасці ў кожным чалавеку. Ён выкарыстаў цікавы неалагізм: папулізм, сказаў ён, гэта не папулярызм. Папулізм кіруецца ідэалогіяй, якая абмяжоўвае, закрывае і ізалюе ад свету, у той час як папулярызм – гэта сапраўднае слуханне людзей. “Ён сказаў нам: у дэмакратычнай краіне не давярайце папулізму, які можа прымаць любую форму”, - працытаваў Францішка Самюэль Гжыбоўскі з руху Coexister, удзельнік сустрэчы.
 

17 сакавіка 2021, 09:40