Пошук

Vatican News
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Францішак: весці дыялог з Богам – гэта ласка

Малітва, дзякуючы Езусу Хрысту, адкрывае нас на Найсвяцейшую Тройцу, на бясконцае мора Бога Любові, - падкрэсліў Папа падчас агульнай аўдыенцыі 3 сакавіка 2021 г.

Працягваючы цыкл катэхетычных разважанняў аб малітве, Пантыфік заўважыў, што Езус “адкрыў нам неба і скіраваў нас да адносін з Богам”. Раней мы “не ведалі як маліцца, якія словы, пачуцці і стыль мовы падабаюцца” Яму, і чалавек нібыта навобмацак і часта беспаспяхова шукаў дыялогу з Богам.

Святы Айцец заўважыў, што “не ўсе малітвы аднолькавыя”, і нават на старонках Бібліі гаворыцца пра сітуацыі, калі малітва заставалася нявыслуханай. “Бог глядзіць на рукі таго, хто моліцца”, і каб былі чыстымі, іх недастаткова памыць, трэба “ўстрымлівацца ад злых учынкаў”. Пантыфік нагадаў словы св. Францішка Асізскага: “ніводны чалавек не годны называць Цябе па імені”.

“Весці дыялог з Богам – гэта ласка: мы гэтага не вартыя, не маем ніякага права на гэта, мы “кульгавім” у кожным слове і думцы...”

Прыкладам “прызнання мізэрнасці чалавечай малітвы” Папа назваў словы рымскага сотніка, які звярнуўся да Езуса з просьбай аб аздараўленні слугі. “Ён адчуваў сябе цалкам нягодным: не быў яўрэем, з’яўляўся афіцэрам ненавіснага акупацыйнага войска. Але хваляванне за слугу прымусіла яго адважыцца і сказаць: “Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой” (Мц 8, 8). Гэта словы, якія і мы паўтараем падчас кожнай эўхарыстычнай літургіі. Весці дыялог з Богам – гэта ласка: мы гэтага не вартыя, не маем ніякага права на гэта, мы “кульгавім” у кожным слове і думцы... Аднак Езус – гэта брама, якая расчыняе нам дыялог з Богам”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, у большасці міфалогій адсутнічаюць вобразы багоў, якія клапоцяцца аб людскіх справах. Нават у Арыстоцеля Бог мог думаць толькі пра самога сябе. “Мы ж, людзі, імкнёмся зрабіць уражанне на Богу і быць добрымі ў Яго вачах. Адсюль “рэлігійны” абавязак няспынных ахвярапрынашэнняў і актаў пабожнасці для здабыцця прыхільнасці бязмоўнага і раўнадушнага Бога”, - патлумачыў ён думку філосафа.

“Які Бог гатовы памерці за людзей? Які Бог любіць пастаянна і цярпліва, без прэтэнзіі на ўзаемнасць?”

“У Бога, які любіць чалавека, мы б ніколі не адважыліся паверыць (...), калі б не пазналі Езуса. Скандалам з’яўляецца тое, што адлюстравана ў прыпавесці пра міласэрнага айца ці пра пастыра, які пайшоў шукаць загубленую авечку. Апавяданні такога роду мы б не маглі стварыць, і тым больш зразумець, калі б не сустрэлі Езуса. Які Бог гатовы памерці за людзей? Які Бог любіць пастаянна і цярпліва, без прэтэнзіі на ўзаемнасць? Які Бог пагодзіцца з жудаснай адсутнасцю ўдзячнасці з боку сына, які заўчасна патрабуе сваёй спадчыны і пакідае дом, марнуючы ўсё?”, - падзяліўся разважаннямі Папа.

Францішак падкрэсліў, што Езус сваім жыццём сведчыць аб тым, наколькі моцна Бог ёсць Айцом, паказваючы, што “ніхто не з’яўляецца такім Айцом як Ён”. “Мы з цяжкасцю і вельмі аддалена ўяўляем тую любоў, якой перапоўнена Найсвяцейшая Тройца, тую глыбіню ўзаемнай добразычлівасці, якая існуе паміж Айцом, Сынам і Духам Святым. Усходнія іконы даюць нам магчымасць адчуць нешта з гэтай таямніцы, якая з’яўляецца крыніцай і радасцю для сусвету”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Завяршаючы катэхезу, Папа заўважыў, што Боская любоў разлілася, дасягнуўшы “нашага чалавечага берагу”, а чалавечнасць Езуса наблізіла да нас жыццё Найсвяцейшай Тройцы, расчыніла перад намі дзверы таямніцы любові Айца, Сына і Святога Духа.
 

03 сакавіка 2021, 11:42