Пошук

Vatican News
Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў Папа падчас сустрэчы з дэлегацыяй Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў  (© Vatican Media)

Святы Айцец: культура сустрэчы – шлях да міру і адзінства ў свеце

Толькі культура сустрэчы можа прывесці да ўстойлівай справядлівасці і міру для ўсіх, - падкрэсліў Папа у прамове да дэлегацыі Еўрапейскага інстытута міжнародных даследаванняў.

Сустрэча адбылася 12 лютага 2021 г. у Ватыкане. Пантыфік уручыў сваім гасцям тэкст звароту, які падрыхтаваў загадзя. У ім Папа адзначыў актуальнасць будавання культуры сустрэчы шляхам міжнародных адносін і міжрэлігійнага дыялогу.

Святы Айцец заўважыў, што патрэбу ў культуры сустрэчы абвастрыла пандэмія каронавіруса. Неабходна, каб паміж людзьмі “ўзрастала жаданне сустракаць іншых, шукаць кропкі сутыкнення, будаваць масты і распрацоўваць праекты, якія будуць уключаць усіх”, - сцвердзіў ён.

Папа назваў умовамі для дасягнення паўсюднага агульнага дабра прабыванне розуму і сэрцаў людзей у гармоніі, а таксама імкненне да “цэласнага развіцця кожнай асобы, без выключэнняў і несправядлівай дыскрымінацыі”.

Такі падыход, злучаны з абаронай і прасоўваннем правоў усіх людзей, павінен быць у цэнтры ўвагі палітычных і рэлігійных лідараў, бо менавіта “культура сустрэчы можа стварыць фундамент для больш з’яднанага і мірнага свету”. “Толькі гэта культура можа прывесці да ўстойлівай справядлівасці і міру для ўсіх, а таксама да сапраўднага клопату пра наш супольны дом”, - заўважыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў навукоўцаў і дыпламатаў заўсёды шукаць новыя і творчыя шляхі, якія прывядуць да культуры сустрэчы на карысць згоды і дабрабыту будучых пакаленняў.
 

12 лютага 2021, 12:17