Пошук

Vatican News
Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота 

Слоўнік Берголіа: кніга-аналіз ключавых выразаў Францішка

Выйшла новая кніга іспанскага аўтара Франсэска Таральба, выкладчыка сучаснай філасофіі, які аналізуе неалагізмы Францішка і спрабуе патлумачыць іх глыбінны сэнс.

“Словы выяўляюць рэчаіснасць, якая змяняецца, і, у выпадку Папы, даюць свету надзею”, - заўважыў прафесар барселонскага ўніверсітэта імя Раймунда Лулія, у інтэрв’ю Vatican News.

Анлайн-прэзентацыя выдання Слоўнік Берголіа: ключавыя словы Пантыфікату (Dizionario Bergoglio: le parole chiave di un Pontificato) адбудзецца ўвечары 19 лютага 2021 г. на Youtube-канале і на Facebook-старонцы выдавецтва Edizioni Terra Santa.

Па словах Таральба, яго кніга нарадзілася “з жадання зразумець фундаментальныя словы, катэгорыі, канцэпцыі гэтага Пантыфікату”. “Я бачу цэльнасць мыслення, надзвычайную арыгінальнасць спосабу прадстаўлення і разумення аспектаў чалавечага жыцця, свету”, - сцвердзіў аўтар.

На яго думку, Папа ўвасабляе “станоўчае пасланне надзеі”, “пасланне, якое можна зразумець, таму што яго мова хутчэй экстрарэлігійная, чым інтрарэлігійная, яна для тых, хто далёка”, “хто не з’яўляецца актыўнай часткай Касцёла”.

Пры гэтым аўтар аналізу прызнаўся, што часам пераклад спецыфічных выразаў Пантыфіка выклікаў цяжкасці, па-першае, з прычыны моўных асаблівасцей, бо часам гэта іспанскія словы з моцным аргентынскім акцэнтам, а па-другое, з прычыны немагчымасці бачыць жэсты, якімі Папа суправаджаў той ці іншы неалагізм.

“Гэта вельмі складана, бо Папа кажа ў тым ліку і жэстамі, рукамі, вачыма, кажа сваім адзеннем, палажэннем цела ў прасторы. Ён кажа больш жэстамі, чым словамі, кажа больш праз тое, што робіць”, - падкрэсліў пісьменнік.

Ён указаў таксама на “інавацыйную моц” на філасофскім і тэалагічным узроўні, якой валодаюць вусныя прамовы Францішка. У якасці прыкладу аўтар прывёў выраз “духоўны Альцгеймер” – тэрмін, якога не існавала пры папярэдніх Пантыфіках.

Пры гэтым асобныя выразы Святога Айца – як, напрыклад, глабалізацыя абыякавасці або духоўная свецкасць – патрабуюць, на думку аўтара, часу для сапраўднага і правільнага разумення.

“Гэта словы, якія апрыёры здаюцца простымі, аднак у іх ёсць глыбіня, пласт, які немагчыма зразумець хутка. Думаю, што гэта ўяўляе складанасць, бо чытаецца фраза, але не чытаецца яе кантэкст, і ў выніку ўзнікаюць памылковыя высновы”, - заўважыў Таральба.

Падсумоўваючы прааналізаваны для кнігі матэрыял, аўтар заключыў, што, на яго думку, місія Пантыфіка ў тым, каб асэнсоўваць гэты свет, які мяняецца, і распаўсюджваць пасланне надзеі.
 

19 лютага 2021, 13:15